Санкцыя за ўчынак, у якім, магчыма, у выніку сьледчых дзеяньняў абвінавацяць спадара Пастнова, – пакараньне абмежаваньнем волі на тэрмін да 5-ці гадоў, або пазбаўленьнем волі на такі самы тэрмін.
Падставай для распачынаньня крымінальнай справы супраць віцебскага лекара стаў ягоны допіс у сацыяльнай сетцы «Укантакце», дзе ён напісаў пра зьбіцьцё і катаваньні ў СІЗА № 2 УДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці мясцовага актывіста Рафаэля Габрыэля Саламонавіча Шмільхальхарда (раней вядомага як Аляксандар Кірылаў), а таксама пра неаказаньне апошняму належнай мэдычнай дапамогі. Гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні нібыта ўчыніў начальнік згаданай установы Эдуард Курыленка і ягоныя супрацоўнікі. Менавіта па заяве Курыленкі Сьледчым камітэтам раней была зладжаная адпаведная праверка.
Шмільхальхард-Кірылаў знаходзіўся ў віцебскім СІЗА-2 з 15 жніўня па 2 лістапада 2016 году ў якасьці сьледча-арыштаванага за злачынства паводле часткі 2 артыкулу 205 КК (крадзеж, зьдзейсьнены паўторна, або групай асобаў, або з пранікненьнем у жытло).
Нагадаем, імя доктара Пастнова стала папулярным у Віцебску праз шэраг яго відэа, разьмешчаных у інтэрнэце. У бытнасьць на пасадзе кіраўніка Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца ён шматкроць публічна крытыкаваў улады, за што мясцовая грамадзкасьць дала яму мянушку «лекар-праўдаруб». За сваю дзейнасць у жніўні-верасьні 2013 году ён знаходзіўся на прымусовым псыхіятрычным лекаваньні і толькі дзякуючы намаганьням праваабаронцаў змог выйсьці на волю.
Пасьля таго, як у сьнежні 2014 году Косінца перавялі з пасады губэрнатара Віцебскай вобласьці ў адміністрацыю прэзыдэнта, імпэт лекара-праўдаруба сьцішыўся, але час ад час Ігар Пастноў працягвае публікаваць на розных пляцоўках сеціва крытычныя матэрыялы супраць уладаў.
Кастусь Дзьвінскі