Аўторак, 20 Люты 2024

За сэксуальны гвалт над больш як 160 дзецьмі судзяць выхавацеля дзіцячага садка з Шуміліна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

40-гадовы выхавацель дзіцячага сада №1 здзяйсняў супрацьзаконныя дзеянні супраць выхаванцаў установы на працягу амаль 17-ці год. Крымінальная справа распачатая і ў дачыненні да загадчыцы садка, дзе ен працаваў. Па версіі следства, жанчына ігнаравала скаргі бацькоў, якія спрабавалі звярнуць яе ўвагу на падазроныя паводзіны падначаленага. Ці былі такія скаргі, меркаваць цяжка, бо сэксуальнага злачынцу выявілі выпадкова. Маці з хлопчыкам – выхаванцам дзіцячага сада -- выпадкова сустрэлі ў краме педагога, ад якога малы раптам стаў хавацца. Пасля роспытаў дома бацькі звярнуліся ў міліцыю, выхавацеля затрымалі, а дома ў яго знайшлі больш за 400 Гб відэазапісаў дзіцячага порна.

Інфармацыя пра шумілінскага педафіла, які не толькі здзяйсняў над дзецьмі гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, але і здымаў гэта на відэакамеру, з'явілася ў СМІ прыкладна год таму, у пачатку сакавіка. Тады дзяржаўныя медыі паведамлялі пра 70 ахвяраў выхавацеля дашкольнай установы, але назву населенага пункта прыхоўвалі.

Пра беспрэцэдэнтны судовы працэс над гвалтаўніком малалетніх дзяцей з Шуміліна паведаміў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед падчас супольнага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Ён агучыў і назву дзіцячай дашкольнай установы, дзе працаваў выхавацелем мужчына, які распачаў злачынныя дзеянні ў дачыненні да выхаванцаў яшчэ ў 2007 годзе.

Здавалася б, гэтая справа мусіла стаць урокам для педагогаў райцэнтра і змусіць іх засяродзіцца на прафілактыцы падобных выпадкаў. Калі ж звярнуць увагу на сайт шумілінскага дзіцячага садка №1, то там і насамрэч ёсць інфармацыйныя матэрыялы пра тое, як абараніць дзіця ад педафілаў. Яны тычацца ў асноўным парадаў сачыць за тым, што дзіця глядзіць у інтэрнэце, а таксама перасцяражэнняў ад зносінаў з незнаёмымі людзьмі, якія могуць запрасіць у госці з небяспечнымі мэтамі. Аднак, як паказала практыка, больш уважліва трэба ставіцца не да чужых людзей, а да тых, хто знаходзіцца побач з дзіцем. І няблага было б культываваць шчыры давер у сям'і, каб дзеці не баяліся распавядаць бацькам пра сумнёўныя паводзіны дарослых.

Паводле генеральнага пракурора Андрэя Шведа, у мінулым годзе быў зафіксаваны істотны рост ( на 40% і болей) колькасці няпоўнагадовых, якія пацярпелі ад злачынстваў супраць полавай недатыкальнасці, у тым ліку згвалтаванняў і іншых гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару. І гэты рост не спыняецца : за мінулыя 10 гадоў колькасць сэксуальных злачынстваў супраць няпоўнагадовых вырасла ў 28 разоў – гэта быў вымушаны канстатаваць намеснік генеральнага пракурора РБ Аляксей Стук яшчэ па выніках 2022г.

Раіса Мельнікава