23 студзеня да 76-гадовага віцебскага актывіста прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі КДБ:
«Каля 8 гадзін раніцы ў дзверы маёй кватэры пазванілі. Падняўся з ложка, падышоў і спытаў: "Хто там?" Пачуў у адказ: "Из областного комитета государственной безопасности". Адчыніў дзверы. У кватэру ўвайшлі два грамадзяніна ў цывільным. Адзін з іх на маю просьбу паказаў службовае пасведчанне супрацоўніка КДБ. Другі - супрацоўнік Першамайскага РАУС г. Віцебска. Першы азнаёміў мяне з паперай аб правядзенні ў кватэры ператруса ў сувязі з адной крымінальнай справай. Працэсуальнае дзеянне санкцыянавана Генеральным пракурорам. Па патрабаванні перадаў асабісты кнопкавы тэлефон /PHILIPS/, зарэгістраваны ў МТС. У якасці панятых былі запрошаны двое суседзяў з майго пад'езда. Маю адмову падпісваць працэсуальныя паперы напачатку фіксавалі панятыя, а пазней супрацоўнікі КДБ і РАУС. Пасля ператрусу мяне павезлі ў новы будынак кдб. Кнопкавы тэлефон, смартфон і стацыянарны кампутар засталіся дома. Пасля праведзенага допыту перавезлі ў Першамайскі РАУС г.Віцебска. Тут мне паведамілі, што на маёй старонцы у Фэйсбуку знайшлі падпіску на забароненыя сайты».
А 18-й вечара Барыс Хамайда трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Паводле ягонага аповеда, з 8-мі сукамернікаў было шасцёра палітычных. Сустрэлі добра. Прапанавалі месца ўнізе, далі два кавалкі хлеба – гэта была першая ежа за суткі.
Праз два дні Барыса Ханонавіча судзілі. Вось як пра гэта піша сам актывіст:
«25 студзеня, мае рукі зашчапілі кайданкамі і павялі на суд, які меў адбыцца па Скайпе. Прывялі ў пакой, пасадзілі на стул перад кампутарам. Разгляд справы пачаўся нестандартна. Суддзя прапанаваў мне пакласці рукі на стол. Я адказаў: "Не магу". «Чаму?»- спытаў суддзя. Адказваю: «На руках кайданкі». Ён пытаецца ў міліцыянта, чаму мне надзелі кайданкі. Той прыглушаным голасам адказвае: "Он политический". Суддзя дае каманду зняць кайданкі. Я кладу рукі на стол».
Далей пачалося нешта дзіўнае для падсуднага:
«Падчас разгляду справы мне стала вядома, што падпіска на забароненыя сайты адбылася 23 студзеня, у першай палове дня, акурат у дзень майго затрымання. Атрымліваецца, пакуль мяне вазілі туды-сюды, нейкі дзядзька, напрыклад, з умоўнай мянушкай "специалист" падпісаў мяне на забароненыя сайты. Гэтага дзядзьку, як я разумею, не знайшлі, таму я за яго адседзеў 2-е сутак ІЧУ. Пры разглядзе справы выявіліся некаторыя супярэчнасці, таму суд адклалі на 2 лютага, каб вызваць у якасці сведкаў-міліцыянтаў».
Выглядае, што 2 лютага супрацоўнікі міліцыі мусяць распавесці, у які час яны заўважылі «экстрэмісцкія» падпіскі на старонцы Барыса Хамайды ў Фэйсбуку. Або – ці не заўважалі яны, хто мог падпісацца замест віцебскага актывіста на «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю». Станоўчы адказ на апошняе пытанне малаверагодны.
Дзяніс Стэльмах