Пазоўнік у заяве паведаміў, што супрацоўнік РАУС Янкоўскі па матывах нацыянальнай варожасці, з асабістай антысеміцкай нянавісці, пры адсутнасці ўзбуджанай у дачыненні да пазоўніка крымінальнай справы правёў у яго два неабгрунтаваныя ператрусы. Міліцыянт неаднаразова выказваў пагрозы і абразы аб тым, што не дасць працаваць на рынку пры гэтым называў зніважальна «жыдачком». І гэтыя дзеянні Янкоўскі здзяйсняў неаднаразова. Першы раз гэта адбылося на працоўным месцы на Смаленкім рынку ў Віцебску ў прысутнасці сведкі і яшчэ некалькі разоў без пабочных асоб. У судзе Гоза іскавыя патрабаванні падтрымаў у поўным аб'ёме.
Адказчык Янкоўскі, які прысутнічаў у судовым пасяджэнні дыстанцыйна, з дапамогай відэасувязі праз дадатак-месенджар, іскавыя патрабаванні не прызнаў, указаўшы, што абраз у адрас пазоўніка не выказваў і ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да Льва Рувімавіча не здзяйсняў.
Заслухаўшы тлумачэнні бакоў, паказанні сведкаў, пісьмовыя доказы, суддзя Догіль прыйшла да высновы ў справе адсутнічаюць доказы прыніжэння гонару і годнасці па нацыянальнай прыкмеце. І на гэтай падставе іскавыя патрабаванні Гозы да супрацоўніка міліцыі Янкоўскага ў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды не падлягаюць задавальненню.
Алена Сердзюкова