Аўторак, 05 Снежань 2023

Скрала больш за 37 тыс. рублёў і атрымала 5 год з адтэрміноўкай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома, у Глыбокім 17 лістапада адбыўся суд над галоўным бухгалтарам дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання “Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” Юліяй Чарвяковай. Жанчыну судзіў па частцы 4 артыкула 210 КК РБ (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) суддзя Андрэй Тарасевіч, вядомы ў раёне сваімі палітычнымі прысудамі.

Але на гэты раз прысуд аказаўся за карупцыю не такі і строгі, як, напрыклад, для глыбачанаў, якіх ён судзіць па палітычных матывах. Нягледзячы на тое, што Чарвякова скрала ў дзяржавы 37883,76 рублёў, пералічваючы спачатку сродкі з рахунка арганізацыі, у якой яна працавала, на 15 асобаў без іх ведама, а пасля на свой рахунак і рахунак мужа, суддзя Тарасевіч прызначыў жанчыне пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў, а таксама штраф памерам 80 базавых велічыняў, што складае 2960 беларускіх рублёў з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў і юрыдычна значных дзеянняў тэрмінам на 3 гады. Таксама пад арышт узялі і маёмасць былой галоўнай бухгалтаркі.

Зазначым, усяго было ўстаноўлена 67 эпізодаў завалоданнея грашовымі сродкамі дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання “Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. 

Таксама ўзнікае пытанне: няўжо гэта не бачыла дырэктар гэтай установы Клеапатра Супранёнак, якая шмат год кіруе Глыбоцкім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў. А можа ў гэтай справе не ўсё так і адназначна, улічваючы прысуд галоўнаму бухгалтару, які вынес Глыбоцкі суд у асобе Андрэя Тарасевіча?

Алег Хахлоў