Аўторак, 14 Лістапад 2023

Былой палітзняволенай Ірыне Палянінай працягнулі прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Жыхарка Паставаў, асуджаная на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, вызвалілася па сцячэнні тэрміна пакарання ў лістападзе мінулага году. Па вызваленні ёй быў прызначаны прэвентыўны нагляд на адзін год. 13 лістапада суддзя Пастаўскага раённага суду Наталля Жукава працягнула жанчыне прэвентыўны нагляд яшчэ на два гады.

У красавіку 2021г. Ірыну Паляніну асудзілі за тое, што у снежні 2021г. года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Дома ў Палянінай сілавікі правялі агляд, падчас якога знайшлі некалькі патронаў ад малакалібернай вінтоўкі. Жанчына тлумачыла, што яны належалі яе бацьку-нябожчыку, але яе прызналі вінаватай і ў незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў.

Шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 295 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Ірыну Палякову асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ірына Паляніна адбывала тэрмін у жаночай калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкі раён).

27 траўня 2021 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ірыну Паляніну палітычнай зняволенай. 11 лістапада 2022 года, за дзесяць дзён да выхаду з калоніі, яе ўключылі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Алеся Палуян