Субота, 28 Кастрычнік 2023

Супрацоўнікам «Нафтана», затрыманым падчас «хапуну» 17 кастрычніка, прысудзілі арышты

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Стала вядома, што справы прынамсі трох затрыманых разбірала 18 кастрычніка «знакамітая» суддзя Наваполацкага гарадскога суда Зінаіда Балаболава. Напярэдадні некалькі чалавек трапілі пад міліцэйскі «хапун» проста на прахадной, допіс пра гэта 17 кастрычніка размясціў адзін з прыватных Тэлеграм-каналаў, які сочыць за навінамі «Нафтана». Колькасць затрыманых там не была ўказана, але на сённяшні дзень вядома прынамсі пра трох пакараных арыштамі.

Двум «нафтанаўцам» Балаболава прысудзіла па 13 сутак арышту за наяўнасць на старонках ў «Одноклассниках» адной або некалькіх «экстрэмісцкіх» спасылак. Яшчэ аднаго калегу арыштавалі на 15 сутак за рэпосты з трох «экстрэмісцкіх крыніц». Усе трое асуджаны паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Паводле міліцэйскіх пратаколаў, міліцыянты заўважылі прыкметы правапарушэння месяц таму, 15 верасня, але практычна месяц чакалі зручнага моманту – напэўна, каб затрымаць усіх трох чалавек за адзін раз.

Яшчэ аднаго работніка «Нафтана» суд прызнаў вінаватым у «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП. Непасрэдна ў дзень затрымання на ягонай старонцы «ВКонтакте» знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белымі сцягамі і надпісам «Белорусский протест: цепи без солидарности». Свае віны падсудны не прызнаў.

Ларыса Ралько