Аўторак, 01 Жнівень 2023

Барысу Хамайду далі 15 сутак за вокладку пашпарта з Пагоняй

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У чым 75-гадовага актывіста звінаваціў Верхнядзвінскі раённы суд, застаецца невядомым. Пра адміністрацыйны артыкул, паводле якога ён быў пакараны, пасля арышту можна будзе даведацца ад толькі ад самога Барыса Хамайды. Але падставай для затрымання найстарэйшага віцебскага актывіста стала вокладка пашпарта з малюнкам Пагонт, якую не ўпадабалі памежнікі ў дызель-цягніку Полацк-Бігосава.

У Бігосаве Барыс Хамайда меркаваў далучыцца да пілігрымкі ў Росіцу, але памежнікі, якія правяралі дакументы ў пасажыраў, затрымалі актывіста, як толькі ён выйшаў з цягніка. Такім чынам у Росіцу, дзе вернікі 28 ліпеня аддавалі пашану мучанікам- святарам Юрыю Кашыру і Антонію Ляшчэвічу, якія нацысты спалілі ў касцёле разам з прыхаджанамі, Барыс Хамайда так і не трапіў.

Ён не першы раз бярэ ўдзел у пілігрымках, і раней вокладка ягонага пашпарта не выклікала пытанняў падчас праверкі ў памежнай зоне (станцыя Бігосава – апошні чыгуначны прыпынак на беларускім баку, праз некалькі кіламетраў пачынаецца тэрыторыя Латвіі).

Да суду 31 ліпеня актывіста трымалі ў Верхнядзвінскім РАУС, адбываць астатнія 12 сутак арышту ён, найверагодней, будзе ў наваполацкім ЦІПе. Існуе даўняя практыка менавіта ў Наваполацку ўтрымліваць тых, каго пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ў Внрхнядзвінскім раёне. Прычым ў міліцыі адразу папярэдзілі, што перадачы «палітычным» перадаваць не будуць, бо гэта «не паложана». Дакумент, дзе замацаваны такія правілы, вядома ж, не паказалі.

Лявон Каляда