У Шаркаўшчыне спадар Ігар вядомы як свядомы прыхільнік беларускай мовы, якой карыстаецца і ў побыце, і на працы: некалькі год адпрацаваўшы настаўнікам, ён пераехаў у Менск і стаў кіроўцам таксі, перыядычна здзіўляючы пасажыраў беларускай гаворкай. Праз любоў да беларушчыны, якой ён ніколі не хаваў, Ігар Дземідовіч не раз станавіўся героем матэрыялаў незалежных СМІ.
Зрэшты, пісала пра яго і шаркаўшчынская «раёнка», калі ў 2018-м годзе ён вярнуўся з Менску і заснаваў у райцэнтры курсы «Мова нанова». Паведамляючы пра цікавыя заняткі, мясцовыя журналісты нават не бянтэжыліся згадваць словы Рыгора Барадуліна, працытаваныя Ігарам Дземідовічам: «Быць Беларусам – гэта значыць свайго ні гуку не забыць, усё чужое перайначыць, каб Беларусі вечнай быць!» У межах курсаў праводзіліся сустрэчы з краязнаўцамі і літаратарамі, праходзілі прэзентацыі кніг мясцовых аўтараў.
Калі курсы «Мова нанова» былі ліквідаваныя ў 2020-м годзе, Ігар Дземідовіч падпаў пад увагу міліцыі, бо не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што не варта скардзіцца на навакольнае жыццё, а трэба рабіць яго лепшым праз уласныя высілкі.
Лявон Каляда