ВГА "Руская абшчына" было створана з мэтай аб'яднання грамадзян рускай нацыянальнасці для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.
У задачы гэтага грамадскага аб'яднання ўваходзіла садзейнічанне фармаванню рускай нацыянальнай самасвядомасці сваіх сяброў, якія пражываюць на тэрыторыі Віцебска. Кіраўніцтва і яе чальцы разнастайнымі спосабамі і метадамі папулярызавалі рускую культуру і традыцыі, навязвалі інтэнсіўнае вывучэнне рускай гісторыі, у такім выглядзе, у якой яе інтэрпрэтуюць рускія імперыялісты.
Таксама гэтая арганізацыя ўваходзіла ў склад Каардынацыйнай рады Беларускага саюза грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў.
У снежні 2011 года "Руская абшчына", у асобе яе кіраўніка Аляксандра Краўцова, далучылася да грамадскай дэкларацыі "Інтэрнацыянальная Расія", якая сцвярджае шматнацыянальнасць Расіі і абарону правоў расійскіх суайчыннікаў.
У красавіку 2021 года адбыўся рабочы візіт у Віцебск кіраўніка прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Эдуарда Крусткална. Ён сустрэўся з кіраўнікамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый суайчыннікаў Віцебска з якімі абмеркаваў актуальныя пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня віцебскага грамадскага аб'яднання "Рускі дом" Андрэй Герашчанка, кіраўнік ГА "Руская абшчына Віцебска" Аляксандр Краўцоў, старшыня савета гарадской арганізацыі "Рускі культурны цэнтр "Русь" Ігар Патапаў, старшыня віцебскай арганізацыі "Братэрства" беларускага саюза ветэранаў вайны ў Аўганістане Валеры Ананчанка, прадстаўнік РГА “Рускае таварыства” Валянціна Майсеенка, арганізатар акцыі “Бесьмяротны полк” у Віцебску Эльвіра Мірсалімава, кіраўнік віцебскага ваенна-патрыятычнага клюбу “Пошук” Анатоль Бурдо, прадстаўнікі беларускага літаратурнага саюзу “Полацкая саюз”.
Крусткална паставіў перад віцебскімі «рускаміроўцамі» новую мэту – актывізаваць прасоўванне інтарэсаў кіруючых колаў суседняй дзяржавы ў галіне адукацыі, культуры і навукі, а таксама звярнуў увагу на галоўную мэтавую групу – маладое пакаленне беларусаў.
На рэалізацыю названай мэты і вырашэння пастаўленых задач, Эдуард Феліксавіч паабяцаў выдзеліць фінансавую падтрымку грамадскім аб'яднанням Віцебскай вобласці, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на сустрэчы.
Віталь Кажух