Паводле міліцэйскага пратаколу, 21лютага 2021г. у адным з тэлеграм-чатаў Андрэй Вашчук размясціў карыкатуру з выявай свастыкі. Паводле высноваў супрацоўніка Першамайскага РАУС Прыстаўкі, такім чынам святар прапагандаваў нацысцкую сімволіку. За гэта супраць яго была распачатая адміністрацыйная справа, ужо трэцяя цягам апошніх трох месяцаў.
15 ліпеня ён быў затрыманы і абвінавачаны паводле арт. 23.34 за несанкцыянаванае пікетаванне. Прычынай стала аватарка ў Фэйсбуку з бел-чырвона-белым сцягам. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКу, яны ж правялі ператрус у касцельным памяшканні, дзе жыў ксёндз Андрэй. Праз тры дні над святаром адбыўся першы суд. Вашчук на судзе сказаў, што бел-чырвона-белы сцяг для яго – сімвал хрысціянства.
Акрамя гэтага, у матэрыялах справы было пазначана, што ў ягоным акаўнце ёсць і іншыя «пратэсныя» фота, у тым ліку і са сцягам Украіны. 17 ліпеня ксяндза Андрэя асудзілі на 15 сутак арышту, а 20 ліпеня, калі святар ужо знаходзіўся ў ІЧУ, над ім адбыўся другі суд. Гэтым разам па арт. 19.11 КаАП -- за тое, што ён зʼяўляецца ўдзельнікам тэлеграм-чату, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Андрэю Вашчуку прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту і канфіскацыю тэлефона як прадмета, праз які было здзейснена правапарушэнне.
Паводле рашэння па апошняй адміністрацыйнай справе – за рэпост карыкатуры з выявай свастыкі -- суддзя Андрэй Андрушэнка пастанавіў не канфіскоўваць тэлефон ксяндза Андрэя. Найверагодней, таму, што ён ужо канфіскаваны. Увогуле ж, зрабіць гэта было б немагчыма: адбыўшы месяц у віцебскім ІЧУ і ўсвядоміўшы, што ціск на яго ўжо не спыніцца, Андрэй Вашчук быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Жанна Жалейка