Працэс над Таццянай Матвеевай распачаўся яшчэ 9-га жніўня, але тым разам суддзя Царыкаў заўважыў памылкі і неадпаведнасці ў дакументах адміністрацыйнай справы і накіраваў яе на выпраўленне ў Кастрычніцкі РАУС. Міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец паўторна склаў пратакол пра правапарушэнне, дзе значылася, што журналістка зладзіла незаконнае пікетаванне, калі размясціла ў Фэйсбуку фота з малюнкам у белым і чырвоным колерах.
Таццяна Матвеева не пагадзілася з абвінавачаннем. Яна патлумачыла, што белы і чырвоны – гэта нацыянальныя колеры беларусаў, і што нацыянальны сцяг у гэтых колерах не з’яўляецца экстрэмісцкім або забароненым сімвалам. Размяшчэнне фотаздымка з малюнкам у гэтых колерах, на яе думку, ніяк не можа быць прыкметай пікетавання, бо яна не ладзіла вулічную масавую акцыю, нікога не заклікала да нейкіх дзеянняў, а ўсяго толькі прадэманстравана сваю любоў да беларускай культуры, літаратуры і гісторыі.
Выслухаўшы падсудную і сведак з ейнага боку, Уладзімір Царыкаў пастанавіў, што дзеянні Таццяны Матвеевай усё ж падпадаюць пад азначэнне несанкцыянаванага пікету, і пакараў яе арыштам на 8 сутак. Паколькі трое сутак за кратамі яна ўжо адбыла пасля затрымання 28-га ліпеня – у той дзень на журналістку і быў складзены пратакол па ч. 1 арт. 24.23 КаАП – ёй належыць адбыць у віцебскім ІЧУ яшчэ 5 сутак арышту.
Жанна Жалейка