Што канкрэтна стала прычынай ужывання да Сяргея Наліўкі больш суровага пакарання, пакуль не вядома. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 18 красавіка па 18 мая Сяргея ўтрымлівалі ў ШІЗА за парушэнне рэжыму.
Жыхар Берасця быў прызнаны вінаватым па «карагоднай справе»: яго асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Некалькі дзясяткаў чалавек былі асуджаныя за тоем, што 13 верасня 2020 г., калі па ўсёй Беларусі праходзілі пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава, а ў раёне скрыжавання з бульварам Касманаўтаў утварылі карагод.
Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. І з таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а крымінальная справа займела азначэнне «карагоднай».
Следства сцвярджала, што «абвінавачваныя на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і перашкаджалі нармальнай працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў». Нібыта праз гэта збіўся графік працы размешчаных паблізу гандлёвых аб’ектаў і адбыліся шматгадзінавыя прастоі грамадскага транспарту. Аднак у судзе большасць прадстаўнікоў згаданых у справе прадпрыемстваў не мелі да пратэстоўцаў ніякіх прэтэнзіяў.
Паводле заявы праваабаронцаў, якія абвясцілі палітвязнямі Сяргея Наліўку і яшчэ некалькі ўдзельнікаў берасцейскіх пратэстаў, «сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі».
Станіслаў Іваноўскі