Чацвер, 21 Ліпень 2022

Расійскі суд пастанавіў выправадзіць палітвязня Яну Пінчук у Віцебск

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

2-гі апеляцыйны суд Пецярбурга 21 ліпеня адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Генпракуратуры РФ аб выдачы ўраджэнкі Віцебска Яны Пінчук на радзіму. Беларускія ўлады дзяўчыну абвінавачваюць у тым, што яна стварыла і вяла апазіцыйны telegram-канал. 

Яна правяла амаль восем месяцаў пад вартай у пецярбургскім СІЗА. Увесь гэты час адвакаты дзяўчыны Алена Фадзеева і Марыя Бяляева спрабавалі абскардзіць рашэнне Генпракуратуры РФ аб выдачы Пінчук у Беларусь. Ні ў раённым, ні ў Гарсудзе зрабіць гэтага не атрымалася. Другі апеляцыйны суд быў апошняй інстанцыяй, куды можна звярнуцца. Але вынік таксама аказаўся адмоўным.

Запланаванае пасяджэнне на 13 ліпеня было адкладзена. Фармальнай прычынай стала тое, што Яну нібыта не апавясцілі належным чынам аб працэсе. Аднак пачакаць з рашэннем па апеляцыйнай скарзе прадстаўнік Генпракуратуры РФ і суддзя вырашылі, пасля таго, як у падтрымку Яны і супраць яе экстрадыцыі ў Беларусь выказаўся камітэт па правах чалавека ААН. 21 ліпеня прадстаўнікоў расейскага закону міжнароднае заступніцтва, відаць, ужо не бянтэжыла, як і грамадская падтрымка — да якой на папярэднім паседжанні нібыта не былі гатовыя. 

Абарона мяркуе, што Гарсуд Пецярбурга 1 чэрвеня ўхіліўся ад рэальнага разгляду скаргі на рашэнне Генпракуратуры аб экстрадыцыі Яны, чым парушыў яе правы на абарону і справядлівы суд. Пракурор Пагудзіна, зразумела, так не лічыць. Адвакат Алена Фадзеева на разглядзе апеляцыі зноў падкрэсліла, наколькі жорстка ўлада ў Беларусі адрэагавала на пратэсты, апазіцыйную дзейнасць і палітычны актывізм. Акрамя таго, паводле расейскага закону, у выдачы грамадзяніна на радзіму для крымінальнага пераследу можна адмовіць, калі «дзеянне здзейснена на тэрыторыі РФ». З 2018 года Яна Пінчук пастаянна жыве ў Расіі - гэта значыць тыя дзеянні, у якіх яе абвінавачвае следства ў Беларусі, нават калі б і былі здзейснены, то тут, у Расіі. 

Пракурор Пагудзіна ў адказ на заявы бакі абароны патлумачыла, што дзеянне, у якім абвінавачваюць Пінчук, караецца і ў Расіі, а тэрміны даўнасці не скончыліся. Просьба аб выдачы Яны падрыхтавана "ў адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі", а довады, што 25-гадовую дзяўчыну падвергнуты жорсткім катаванням, па словах пракурора, - неабгрунтаваныя. 

Рашэнне суддзя Напалкоў прымаў паўгадзіны. Скарга засталася без задавальнення. А значыць Яну выдадуць у Беларусь. Як і калегі ў папярэдніх інстанцыях, суддзя Сяргей Напалкоў паверыў, што размова не ідзе аб палітычным пераследзе, а да дзяўчыны не стануць прымяняць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне.

 Фармальна для Яны знік апошні шанс пазбегнуць экстрадыцыі, але адвакаты яшчэ маюць намер пазмагацца. Палітвязня экстрадуюць не адразу, а праз 15 дзён. Яе абарона плануе падаць запыт у Канстытуцыйны суд, бо адкрыліся новыя абставіны у сувязі з увагай Камітэта па правах чалавека ААН. Таксама ёсць працэсуальная магчымасць звярнуцца ў касацыйны суд. 

Іван Чайка