Увогуле ж, з нагоды гэтага артыкула Георгія Станкевіча ўжо каралі штрафам. 4 сакавіка ён быў асуджаны за архіўны фотаздымак, на якім ён стаіць на фоне сцяга «Народнай Грамады». Паводле міліцэйскага пратаколу, супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС Дзяніс Каваленка заўважыў здымак «1 сакавіка ў 18.15 падчас аператыўнай праверкі». Сцяг мае два колеры – белы і чырвоны, і гэта стала вызначальным момантам. Таго, што на ім ёсць выява партыйнага сімвала, ружы, – міліцыянты не заўважылі. Станкевіч даводзіў, што не публікаваў гэты здымак, і не можа адказваць за тое, што размяшчаюць на «Віцебскай Вясне», але суд такі аргумент пад увагу не ўзяў. Суддзя Наталля Рэут аштрафавала падсуднага на 2 240 рублёў (70 базавых велічынь).
Пазней вядомы ў рэгіёне бард і журналіст звярнуўся ў Віцебскую абласную пракуратуру, і атрымаў адтуль спавяшчэнне, што Бешанковіцкі раённы суд не разабраўся ў акалічнасцях справы. Аднак гэты дакумент не паўплываў на рашэнне Віцебскага абласнога суду, які пакінуў пастанову суддзі Рэут у сіле.
Не вядома, чаму, але міліцыянты Бешанковіцкага РАУС вырашылі, што з тае самай нагоды змогуць прыцягнуць Георгія Станкевіча да адміністрацыйнай адказнасці яшчэ раз. Цяпер ужо не за фотаздымак, а за сам артыкул, дзе Станкевіч нібыта «дапускае выказванні негатыўнага зместу».
Быў складзены яшчэ адзін пратакол, але ўжо з іншымі датамі – быццам міліцыянты заўважылі артыкул на «Віцебскай Вясне» не 1 сакавіка, а толькі 29 красавіка. Падмацаваць абвінавачанне вырашылі наяўнасцю пацярпелага – асобы, якая нібыта была абражаная выказваннямі аўтара звароту, але ў суд не з’явілася. Георгію Станкевічу давялося апеляваць да матэрыялу мінулай судовай справы – тым болей, што другі раз судзіла яго тая самая суддзя Наталля Рэут. Ёй давялося пагадзіцца, што заўважыць артыкул і фотаздымак да яго з розніцай у часе ў два месяцы наўрад ці магчыма. Таму тэрміны для пакарання даўно сышлі, не кажучы ўжо пра дзіўную фармулёўку абвінавачання – «пікетаванне шляхам размяшчэння артыкула».
Зрэшты, Георгія Станкевіча ўразіла не толькі сама фармулёўка, але і няўменне суддзі паўтарыць яе па-беларуску. Як ён ні патрабаваў, каб працэс ішоў на дзяржаўнай беларускай мове, Наталля Рэут не здолела гэтага зрабіць.
Эмілія Протас