Паводле міліцэйскага пратаколу, «1 сакавіка ў 18.15 падчас аператыўнай праверкі» супрацоўнік Бешанковіцкага РАУС Дзяніс Каваленка заўважыў на сайце «Віцебскай Вясны» фотаздымак Георгія Станкевіча. І як той ні спрабаваў тлумачыць, што не ён размяшчаў гэтае фота ў інтэрнэце, пераканаць суд не атрымалася.
«Гэта і не бел-чырвона-белы сцяг як такі, а партыйны сцяг «Народнай Грамады». І фотаздымку гэтаму не менш як 5 гадоў, гэта я выступаў падчас канферэнцыі ў Віцебску. А што да «пікетавання ў інтэрнэце», то ў сеціве ёсць агульнавядомы фотаздымак, дзе побач з бел-чырвона-белым сцягам стаіць Аляксандр Лукашэнка. «Яго таксама будзеце штрафаваць?» – спытаўся я ў суддзі. «Зараз гаворка не пра Лукашэнку, а пра вас», – адказала мне суддзя Наталля Пятроўна Рэут», – расказаў Георгі Станкевіч.
Фотаздымак, які стаў падставай для затрымання і судовага разбіральніцтва, быў архіўны: на сайце «Віцебскай Вясны» ён быў размешчаны побач з антываенным зваротам Георгія Станкевіча. Жыхар вёскі Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну звярнуўся да землякоў, заклікаючы іх любым коштам паспрыяць сканчэнню вайны ва Украіне. Гэты зварот ён апублікаваў на сайце beshankovichy.by, які ўжо некалькі год рэдагуе і дзе апошнімі днямі размяшчае шмат аператыўных матэрыялаў пра напад Расеі на Украіну.
Георгі Станкевіч збіраецца абскардзіць рашэнне Бешанковіцкага райсуду. Дарэчы, ні мабільны тэлефон, ні сістэмны блок камп'ютара, забраныя падчас ператрусу перад ягоным затрыманнем, гаспадару так і не вярнулі.
Эмілія Протас