Паседжанне 26 лістапада пачалося са спрэчкі бакоў. Прадстаўнік пракуратуры, агучыўшы свае аргументы, палічыў віну Дзмітрачэнкі цалкам даказанай. Пракурор папрасіў суд прызнаць Алега Дзмітрачэнку вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 КК прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Адвакат у сваім выступе прывёў шэраг змякчальных акалічнасцяў, якія, з яго пункту гледжання, мусяць паўплываць на канчатковы прысуд. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што ягоны падабаронны ў судовым паседжанні цалкам прызнаў віну, усвядоміў сур’ёзнасць сваёй памылкі і шчыра раскаяўся. Прасіў суд таксама ўлічыць і тыя акалічнасці, што Дзмітрачэнка раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, рэгулярна выплачваў падаткі, мае праблемы са здароўем… Настойваў улічыць заяву Сяргея Сташэўскага, які не мае намеру прыцягваць Дзмітрачэнку да крымінальнай адказнасці і не збіраецца настойваць на матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.
Адвакат прасіў суд прызначыць Дзмітрачэнку пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства.
У апошнім слове Алег Дзмітрачэнка, у прыватнасці, заявіў, што пры магчымасці гатовы прынесці асабістае прабачэнне пацярпеламу. Прасіў высокі суд праявіць гуманнасць і даць магчымасць прыносіць карысць грамадству, застаючыся на волі.
Пасля перапынку суд вынес свой вердыкт. За публічную абразу прадстаўніка ўлады на падставе арт. 369 КК суд Першамайскага раёну Віцебску прызначыў Алегу Дзмітрачэнку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Суд пастанавіў залічыць у тэрмін адбывання пакарання час утрымання пад вартай з 27 па 30 красавіка 2021 году з разліку адпаведнасці аднаго дня ўтрымання пад вартай двум дням абмежавання волі. Меру стрымання суд пакінуў ранейшую – падпіска аб нявыездзе. Арышт, накладзены на маёмасць у сувязі з адсутнасцю матэрыяльных прэтэнзій з боку пацярпелага, суд адмяніў.
Пасля абвяшчэння прысуду суддзя Міхаіл Юрчанка патлумачыў асуджанаму, што ў выпадку парушэння адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды прадугледжаная замена пакарання на больш строгае, аж да пазбаўлення волі.
С. Горкі