«Суд пастанавіў Серабро Юрыя Аляксандравіча прызнаць вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і паводле часткі 1 артыкулу 368 КК РБ прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму», – агучыла прысуд суддзя Сняжана Кіндзеева.
Яна пастанавіла таксама змяніць меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на арышт. Юры Серабро быў узяты пад варту проста ў зале суду: трое супрацоўнікаў МУС зайшлі ў судовую залу падчас пасяджэння, яшчэ да таго як быў агучаны прысуд – загадзя гатовыя да выраку зняволення.
Мабільны тэлефон «Самсунг», з якога быў напісаны каментар, канфіскуецца ў даход дзяржавы, арышт з легкавога аўтамабіля здымаецца.
Трое сутак, ад 19 да 22 траўня, праведзеныя ў ІЧУ, будуць залічаныя. Да суду Юры Серабро знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе. На працэсе ён цалкам прызнаў сваю віну і прасіў суд не адпраўляць яго за краты.
Уладзімір Бяляўскі