Пятніца, 12 Сакавік 2021

Шэсць удзельніц «пікету ў лесе» падалі ў суд на міліцыю. Чым скончыўся працэс?

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Удзельніцы судовага працэсу супраць міліцыі Удзельніцы судовага працэсу супраць міліцыі

У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся грамадзянскі працэс, ініцыяваны шасцю жанчынамі, якіх затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі, хоць чацвёра затрыманых жанчын ужо ў сталым веку. А на ноч да суду кінулі ў ІЧУ. Але суды ў выніку адмянілі іх справы, і жанчыны падалі пазовы на незаконныя дзеянні міліцыі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

«За нашае затрыманне, умовы ўтрымання і накіраванне ў ІЧУ. Мы прасілі прызнаць гэта незаконным. Толькі прызнаць! Мы не патрабавалі ніякіх маральных ці матэрыяльных кампенсацый. Хаця Тамара Ільіна, прыкладам, на 10 дзён трапіла ў лякарню», – распавяла Таццяна Севярынец, адна з удзельніц «пікету са скандынаўскімі палкамі».

Пазоўныя заявы на міліцыянтаў падалі ў суд Людміла Валадкевіч, Тамара Ільіна, Людміла Камінская, Алена Каснова, Раіса Кухто і Таццяна Севярынец. Грамадзянскую справу разбірала суддзя Жанна Васільева.

На судзе за дзеянні сваіх падначаленых адказваў намеснік начальніка аддзелу міліцыі Першамайскага раёну падпалкоўнік Іван Доўгі. Ён моўчкі выслухаў прэтэнзіі жанчын, не задаўшы ніводнага пытання. І вельмі каротка патлумачыў уласную пазіцыю: маўляў, міліцыянты ўсё рабілі слушна. Бо заканадаўства дазваляе ўтрымліваць людзей за кратамі да суду цягам 72-х гадзін, калі гэтых людзей падазраюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Прадстаўнік Першамайскага РАУС Віцебску Іван Доўгі і суддзя Жанна Васільева

Пра ўмовы ўтрымання сталых жанчын падпалкоўнік Доўгі не сказаў ні слова.

Суддзя Жанна Васільева падтрымала яго пазіцыю: адхіліла ўсе 6 скаргаў і ўсклала на заяўніц абавязак заплаціць судовыя выдаткі – па 4 рублі 85 капеек з кожнай.

На думку Раісы Кухто, якая беспадстаўна правяла пад вартай больш за суткі, такі вынік суду быў прадказальны, але падпалкоўніку міліцыі ўсё адно было сорамна: «Я думаю, што ўсё было вырашана загадзя. Бо я назіраю за іншымі судамі, і там усё тое самае. Але я думаю, што яму было няёмка. Бо ў кожнага ёсць такі крытэр – сумленне. Я думаю, што яму было дрэнна».

Жанчыны не выйгралі суд, але гэта быў першы ў Віцебску выпадак, калі затрыманыя людзі вырашылі адстойваць свае правы на цывілізаванае стаўленне да сябе з боку міліцыянтаў.