У першай палове дня яго судзілі ў Паставах і Глыбокім. Суддзя Пастаўскага раённага суду Наталля Максімовіч пакарала Змітра 30 базавымі велічынямі штрафу, што складае 870 рублёў. У Глыбокім жа суддзя Людміла Вашчанка прызначыла журналісту штраф у памеры 45 базавых велічыняў, што складае 1305 рублёў.
Пасля абеду суд адбыўся яшчэ і ў Шаркаўшчыне. Суддзя Аксана Табола таксама прызнала Змітра Лупача вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ і аштрафавала на 30 базавых велічыняў — 870 рублёў.
На кожным судовым слуханні апытвалі сведкаў — людзей, якіх Зміцер запісваў для сваіх сюжэтаў, на гэтым і грунтаваліся справы.
Толькі пастаўскім міліцыянтам было складана даказаць дачыненне журналіста да сюжэту пра закрыццё пастаўскай трэнажорнай залы “Рэжым”, бо сведка не даў патрэбных ім паказанняў супраць журналіста. Тады яны прыехалі на працу да Змітра з санкцыяй пракурора на выманне і вобшук. Яны прапанавалі журналісту самому аддаць знятыя ў Паставах відэафайлы, а калі б ён не пагадзіўся, то зрабілі б ператрусы ў офісе і ўдома. Зміцер аддаў усе адзнятыя матэрыялы.
Журналіст адзначае, што ўпершыню ў яго жыцці было столькі судоў за адзін дзень. Але гэта ён не лічыць замовай, а, хутчэй, супадзеннем. Замовай лічыць ён тое, што ўлады яго пераследуюць ужо за кожны відэасюжэт для “Белсату”.
Што рабіць далей у такіх умовах, калі цябе пераследуюць за кожны сюжэт, разважае сам журналіст: «Мяняць від дзейнасці зараз даволі цяжка. Я ведаю, што ў раёне ніякай працы не знайду. Можа б дзе на ферму і ўзялі, але сумняюся, што і туды траплю. Але ўвогуле, калі і мяняць штосьці, то на больш-менш аналагічнае. Што далей будзе, не ведаю. Пакуль нявызначанасць».
Нагадаем, сёлета ў дачыненні Змітра Лупача абдыліся ўжо чатыры судовыя працэсы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Першы суд у Паставах суддзя Наталля Максімовіч спыніла, бо выйшлі тэрміны справы. А тры іншыя суды прызналі журналіста вінаватым і пакаралі штрафамі. Летась на журналіста было складзена сем адміністрацыйных пратаколаў па вышэйзгаданым артыкуле.