На першым паседжанні адміністрацыйнага працэсу паводле ч.3 арт.23.34, распачатага ў дачыненні ўжо былой навучэнкі тэхналагічнага каледжа Сафіі Цярэнцьевай, суду бракавала доказаў, каб пакараць актывістку. Справу па двух пратаколах накіравалі на дапрацоўку.
Першы пратакол быў складзены за пікетаванне 29 кастрычніка, які дзяўчына зладзіла, каб падтрымаць затрыманых у той дзень студэнтаў медуніверсітэту. За той пікет Сафія Цярэнцьева была адлічаная з каледжа, затрыманая проста ў кабінеце дырэктаркі і змешчаная ў СІЗА, дзе правяла трое сутак.
Другі пратакол міліцыянты склалі на падставе апублікаванага ў сацсетках фотаздымку дзяўчыны са звязанымі рукамі і плакатам «Free Marfa» (палітзняволеная Марфа Рабкова – актывістка ПЦ «Вясна», абвінавачаная па крымінальным артыкуле і кінутая ў СІЗА). Супрацоўнікі МУС сцвярджалі ў пратаколе, што на фота – Сафія Цярэнцьева, і вінавацілі яе ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Аднак не змаглі даказаць, што «несанкцыянаваны пікет» ладзіла менавіта Сафія.
«Суд высветліў, што мае недастаткова доказаў, каб абвінаваціць мяне ў гэтым. Таму на фота была – абсалютна дакладна! – не я», – запэўніла пасля суду актывістка.
Па першым жа пратаколе суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў віну даказанай і вырашыў аштрафаваць дзяўчыну на 25 базавых велічынь (675 рублёў).
«Я спадзявалася, што мне дадуць 3-е сутак, якія я ўжо адседзела ў СІЗА. А так гэтыя «суткі», па сутнасці, сышлі ў нікуды», – пракаментавала рашэнне суддзі дзяўчына. «Мабыць, суддзя вырашыў, што проста суткі будуць для мяне недастатковай мерай пакарання», – дадала.
Варта адзначыць, што адразу пасля таго, як актывістку адлічылі з каледжа, ад яе запатрабавалі ехаць на адпрацоўку ў Мёрскі раён. Але грамадскія актывісты і сябры Сафіі за адзін дзень знайшлі для яе працу ў Віцебску.
Уладзімір Бяляўскі