Панядзелак, 01 Чэрвень 2020

Прыхільнікаў Ціханоўскага, затрыманых у Віцебску 31 траўня, аштрафавалі агулам на 2430 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У Віцебску 1 чэрвеня адбыліся суды над чатырма прыхільнікамі блогера Ціханоўскага, затрыманымі напярэдадні. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявы перакрэсьленага таракана. Актывістаў затрымалі зранку 31 траўня – перад пачаткам масавага пікету для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую.

Ранкам 31 траўня ў Віцебску былі затрыманыя Алег Баразна, Аляксандар Ільінец, Аляксей Саламаненка і Эдуард Плюснін. Усе чацьвёра дапамагалі ініцыятыўнай групе ва ўсталяваньні намёту і афармленьні месца збору подпісаў за Ціханоўскую. Суткі перад судамі віцябляне правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

У панядзелак 1 чэрвеня стала вядома, што актывістаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні, якое адбылося 30 траўня каля ГЦ «Марка-сіці» – «з выкарыстаньнем плякатаў «Свабоду Ціханоўскаму!» і «No pasarán!», а таксама выявы перакрэсьленага таракана». Аргумэнты, што плякаты разьмяшчаліся на цалкам легальным пікеце для збору подпісаў прэтэндэнткі ў кандыдаты на прэзідэнцтва Сьвятланы Ціханоўскай, на судзьдзяў ня дзейнічалі.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску (судзьдзя Царыкаў) аштрафаваў Алега Баразну на 40 базавых велічынь (1080 рублёў), а суд Чыгунанага раёну (судзьдзя Цыганкова) пакараў штрафам на 20 базавых (540 рублёў) Эдуарда Плюсніна, які ў той дзень зьявіўся каля пікету толькі для таго, каб дапамагчы ўсталяваць намёт. Між тым, судзьдзя Цыганкова ня ўгледзела правапарушэньня ў дзеяньнях яшчэ аднаго актывіста – Аляксандра Ільінца, аднак і ягоную справу накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю.

Лёс яшчэ аднаго затрыманага і абвінавачанага паводле артыкулу 23.34 КаАП – Аляксея Саламаненкі, быў невядомы аж да вечара 1 чэрвеня. Ягоная справа «ўсплывала» то ў адным, то ў другім судзе, але раптам зьнікала, калі ў суд прыяжджалі паплечнікі Аляксея і ягоная жонка Натальля. Ніхто са службовых асобаў ня мог сказаць, дзе канкрэтна будуць судзіць актывіста. Толькі пасьля 18.00 жонка і сябры Аляксея дазналіся, што справу Саламаненкі будзе разглядаць суд Першамайскага раёну. Судзьдзя Барысава прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34 КаАП) і аштрафавала на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.