У сераду 10 красавіка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся папярэдні разгляд пазову Міколы Качурца да Кастрычніцкага РАУС аб кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды за зьнішчаны ў 2018 годзе нацыянальны сьцяг. Актывіст просіць суд спагнаць з адказчыка 42 рублі матэрыяльнай шкоды, а таксама кампэнсаваць судовыя выдаткі.
Прадстаўнік адказчыка капітан міліцыі Дзьмітрый Жук падтрымаў іскавыя патрабаваньні актывіста, але заявіў, што ня згодны з заяўленай сумай, а таксама з патрабаваньнем сплаціць судовае мыта. Паводле ягоных словаў, дрэўка і сьцяг 42 рублі каштаваць ня могуць.
“У дадзеным выпадку гэтае палотнішча можна наогул аднесьці нават не да сьцяга ці атрыбутыкі, а да рызьзя, таму што дадзеная ануча мела неахайны зьнешні выгляд, не была вырабленая заводзкім спосабам, ня мела таварнага выгляду”, – заявіў міліцыянт Жук.
Дадаў, што за зьнішчанае палотнішча Качурцу могуць заплаціць ня больш за 4,75 рублі.
Разгляд справы па сутнасьці адбудзецца ў Першамайскім судзе Віцебску 25 красавіка. Справу разглядае судзьдзя Алена Савіцкая. Пачатак – у 14.30.
Качурэц: Сорамна, што ў міліцыі працуюць такія людзі
Адразу пасьля папярэдняга паседжаньня Мікола Качурэц прызнаўся, што чакаў такіх паводзінаў ад міліцыі: “Ведаў, што будуць выкручвацца і апраўдвацца”.
“Міліцыянт назваў наш бел-чырвона-белы сьцяг, нашую сьвятыню “нейкай анучай”, бруднай і замазанай, але ёсьць фатаграфіі, дзе добра бачна, што сьцяг чысты і ахайны. Сорамна, што ў міліцыі працуюць такія людзі”, – дадаў актывіст.
Нагадаем, на Дзень Волі ў 2018 годзе Мікола Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сьцягам да помніку Альгерду ў цэнтры Віцебску, каб павіншаваць гараджан са сьвятам. За гэта быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 735 рублёў. Пазьней старшыня аблсуду Мікалай Хамічонак адмяніў рашэньне Кастрычніцкага суду і адправіў справу на новы разгляд. Але цягам двух месяцаў, як таго патрабуе ПВК РБ, справу так і не разгледзілі, 27 кастрычніка яна была скасаваная. Дамагчыся ад супрацоўнікаў РАУС вяртаньня канфіскаванага сьцяга і дрэўка ў дасудовым парадку ў актывіста не атрымалася.
Уладзімер Бяляўскі