Крымінальныя справы: крадзем, бяром (даём) хабар, забіваем…
Летась з вынясеньнем прысуду было разгледжана 4672 крымінальныя справы (у 2017 годзе – 4751 справа).
Асуджаныя 4992 асобы, што на 172 асобы (1,5%) менш, чым у 2017 годзе (5164 асобы). Апраўданыя – 8 асобаў, альбо 0,2% да агульнай колькасьці асобаў, у дачыненьні да якіх былі пастаноўленыя прысуды (у 2017 годзе было апраўдана 14 асоб – 0,3%).
У дачыненьні да 374 асобаў вытворчасьць была спыненая (у 2017-м – у дачыненьні да 283 асобаў). Былі ўжытыя прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў дачыненьні да 58 асобаў (у 2017-м – да 66-ці).
Асноўную катэгорыю завершаных судамі Віцебшчыны крымінальных справаў складаюць, як і ў папярэднія гады, злачынствы супраць уласнасьці: было асуджана 2109 асобаў, альбо 42,2% (у 2017 годзе – 2170 асобаў, 42,0%).
За злачынствы супраць правасудзьдзя асудзілі летась 529 асобаў, гэта 10,6% (пазалетась – 476 асоб, альбо 9,2%), за злачынствы супраць жыцьця і здароўя –313 асобаў, альбо 6,3% (у 2017-м – 266 асобаў, 5,2%).
У 2018 годзе было асуджана 127 непаўналетніх, што складае 2,5% ад агульнай колькасьці асуджаных (у 2017 годзе – 136 асобы, 2,6%). Зь іх да пазбаўленьня волі асудзілі 10 асобаў (8,8%).
Судзьдзямі калегіі па крымінальных справах было разгледжана летась 320 скаргаў і пратэстаў на пастановы судоў па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якiя не ўступiлi ў законную сілу (у 2017 годзе – 441). Зь іх: 262 (81,9%) пакінутыя бязь зьменаў (у 2017 годзе – 333, 75,5%), 45 (14,1%) адмененыя і накіраваныя на новы разгляд (у 2017 г. – 77, 17,5%), 5, ці 1,6%, спыненыя (у 2017-м – 17, гэта 3,9%), 8 (2,5%) зьмененыя (у 2017-м – 13, альбо 3%).
Адміністрацыйная вытворчасьць: п’ём, б’ёмся, хуліганім, крадзем па дробязі
У 2018 годзе суды Віцебскай вобласьці разгледзелі 50303 справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У дачыненьні да 39552 асобаў было накладзенае адміністрацыйнае спагнаньне, 421 асоба вызваленая ад адміністрацыйнай адказнасьці (у 2017 годзе было разгледжана 54437 справаў, у дачыненьні да 43864 асобаў наклалі адміністрацыйнае спагнаньне, 586 асобаў былі вызваленыя ад адміністрацыйнай адказнасьці).
Суды спынілі 7313 справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях, альбо 14,5% ад разгледжаных (у 2017 годзе – 6830 справаў, 12,5%).
Найбольшая колькасьць разгледжаных справаў тычылася такіх правапарушэньняў, як: расьпіцьцё алькагольных напояў у грамадзкім месцы альбо зьяўленьне ў грамадзкім месцы ці на працы ў стане ап'яненьня – 10989 справаў, альбо 21,8% (у 2017-м – 9141 справа, 16,8%), наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня – 8684 справы, альбо 17,3% (у 2017 годзе – 6927 справаў, 12,7%), дробнае хуліганства (арт.17.1) – 8167 справаў, альбо 16,2% (у 2017-м – 10692 справы, 19,6%), дробны крадзеж – 3299 справаў, альбо 6,6% (пазалетась – 3671 справа, 6,7%).
Большасьць парушальнікаў былі пакараныя адміністрацыйным спагнаньнем у выглядзе штрафу: 33674 асобы, альбо 66,9% (38569 асобаў, альбо 70,8% – у 2017 годзе). Агульная сума накладзенага штрафу склала 6 млн. 824 тыс. 451 рубель (у 2017 годзе – 8866691 рубель).
Адміністрацыйны арышт быў ужыты ў дачыненьні да 5098 асобаў, альбо 10,1% (у 2017-м – да 4405 асобаў, 8,1%), папярэджаньне – да 780 асобаў, альбо 1,6% (у 2017 годзе – да 890 асобаў, 1,6%) .
Віцебскім абласным судом было разгледжана 233 скаргі і пратэсты на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія ўступілі ў законную сілу. Судзьдзі раённых (гарадзкіх) судоў адмянілі 64 пастановы, зьмянілі – 8.
Грамадзянскія справы: разводы, дзяльба маёмасьці, працоўныя спрэчкі
У 2018 годзе была скончаная вытворчасьць па 21466 грамадзянскіх справах (у 2017 годзе – па 21397 справах), у тым ліку з вынясеньнем рашэньня – 18428 справаў (у 2017-м – 18320 справаў).
Разгляд грамадзянскіх спраў характарызуецца наступным чынам: па спрэчках, датычных шлюбна-сямейных стасункаў – 5239 справаў (2017 г. – 4956), па жыльлёвых спрэчках – 1278 справаў (2017 г. – 1331), працоўных спрэчках – 1067 справаў (2017 г. – 1430).
Судзьдзямі грамадзянскай калегіі Віцебскага абласнога суду 1-й інстанцыі было разгледжана 29 матэрыялаў па хадайніцтвах аб прызнаньні і дазволе на прымусовае выкананьне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рашэньняў судоў замежных дзяржаваў, 14 справаў іншых катэгорыяў, зь якіх 12 справаў аб усынаўленьні (удачкаваньні), 2 справы іскавай вытворчасьці.
Праваабаронца: Шмат якія лічбы выклікаюць непакой
Статыстычныя дадзеныя пракамэнтаваў віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік:
“Мяне непакоіць тое, што ў 2018 годзе ў касацыйным і наглядным парадку судзьдзі Віцебскага абласнога суду адмянілі толькі 69 (а гэта ўсяго 0,3%) рашэньняў, зьмянілі 35 (0,2%) рашэньняў. Гэтыя лічбы настолькі малыя, што знаходзяцца па-за межамі статыстычнай хібнасьці. А значыцца, такім дадзеным ня варта даваць веры. Давяраць можна было б толькі такім статыстычным дадзеным, паводле якіх колькасьць адмены альбо зьмены судовых рашэньняў перавышала б 3%.
Таксама лічу ненармальным, калі 70% адміністрацыйных пакараньняў суды прызначаюць у выглядзе штрафу. У краіне эканамічны крызіс, і людзям вельмі цяжка выплачваць штрафы. Мяркую, было б справядліва, каб штрафаваньне ўжывалася недзе ў межах 50% судовых рашэньняў.
Выклікаюць вялікія пытаньні і арышты грамадзянаў за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэньне. Бо лічыцца, што арышт ёсьць выключная, гэта значыць максымальна жорсткая, мера пакараньня, прадугледжаная КаАП РБ. Аднак суды па ўсёй вобласьці практыкуюць арышты пры вырашэньні кожнай дзясятай адміністрацыйнай справы. Гэта ненармальна ў сацыяльна-арыентаванай дзяржаве ў пэрыяд доўгатэрміновай стабільнасьці. На мой погляд, арышты трэба ўжываць у 2-3% ад усіх разгледжаных адміністрацыйных справаў.
Скажу больш, у Беларусі трэба цалкам скасаваць адміністрацыйны арышт як меру пакараньня. Зразумела, што зараз, з палітычных прычынаў, зрабіць гэта немагчыма, але імкнуцца да гэтага трэба”.
Лявон Яфрэменка