Копію пастановы аб скасаваньні адміністрацыйнай справы, даведку і касавы чэк аб выплачаным штрафе Міколу Качурцу даслаў начальнік АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, раіць зьвярнуцца з дасланымі дакумэнтамі ў падатковы орган па месцы жыхарства, а для вяртаньня дзяржпошліны – у суд.
Паведамляе таксама, што канфіскаваны ў Качурца 25 сакавіка 2018 году бел-чырвона-белы сьцяг “на захоўваньні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адсутнічае”.
Чаму скасавалі справу Качурца
Узновім ланцужок падзей і рашэньняў, якія прывялі да скасаваньня адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Міколы Качурца.
25 сакавіка 2018 году віцяблянін адзначыў 100-годзьдзе БНР, узьняўшы ля помніку Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг. Недзе праз паўгадзіны быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і правёў ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.
26 сакавіка судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Уладзімер Царыкаў прызнаў Міколу Качурца вінаватым у парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаваньні службовай асобе (23.4 КаАП), пакараўшы віцебчука штрафам на суму 30 базавых велічынь (735 рублёў).
25 красавіка судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова не задаволіла скаргу на пастанову суду Кастрычніцкага раёну, пакінуўшы яе бязь зьменаў.
27 жніўня 2018 году старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак ў парадку нагляду разгледзеў скаргу Міколы Качурца на рашэньне судзьдзі Ўладзімера Царыкава і пастанавіў адмяніць гэтае рашэньне: “выснова суду аб даказанасьці вінаватасьці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП зьяўляецца заўчаснай”. Асноўныя прэтэнзіі старшыні аблсуду былі выказаныя да зьместу пратаколу. Справа была накіраваная на новы разгляд.
27 кастрычніка 2018 году скончыўся тэрмін адміністрацыйнага пакараньня, прадугледжаны ч.2 арт. 7.6 КоАП РБ, што, у адпаведнасьці з заканадаўствам (п.3 ч.1 арт. 9.6 ПВКоАП), выключае адміністрацыйны працэс. Паводле пастановы аб скасаваньні справы аб адміністрацыйным правапарушэньні (ад 28.10.2018), “падчас падрыхтоўкі справы… забясьпечыць удзел Качурца М. у адміністрацыйным працэсе не выявілася магчымым”.
Адзначым, што раней у Віцебску яшчэ ніколі не скасоўвалі адміністрацыйныя справы за парушэньне заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Справа Качурца ў гэтым сэнсе – беспрэцэдэнтная.
Мікола Качурэц у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, 26 сакавіка 2018 году
Мікола Качурэц абяцае, што, вярнуўшы грошы, выплачаныя ім раней у якасьці штрафу, будзе дамагацца, каб яму вярнулі і незаконна канфіскаваны бел-чырвона-белы сьцяг. Спадзяецца, што зможа дамагчыся гэтага яшчэ да ўрачыстсьцяў, прысьвечаных #БНР101
Зьміцер Міраш