Серада, 25 Красавік 2018

Абласны суд не задаволіў скаргу віцябляніна, аштрафаванага за бел-чырвона-белы сьцяг на #БНР100 каля Альгерда

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Мікола Качурэц у залі абласнога суду Мікола Качурэц у залі абласнога суду

Скаргу віцябляніна Міколы Качурца на пастанову суду Кастрычніцкага раёну, які пакараў актывіста штрафам у памеры 30 б.в., разгледзела 25 красавіка судзьдзя Ірына Смалякова. Паседжаньне доўжылася тры хвіліны. Скаргу не задаволілі, пастанову суду Кастрычніцкага раёну пакінулі бязь зьменаў.

“Беларускаму суду ўвогуле не давяраю, але вымушаны сёньня згадзіцца, каб скаргу разглядалі вы”, – заявіў судзьдзі на пачатку паседжаньня Мікола Качурэц. Больш ніякіх хадайніцтваў не заяўляў.   

Нагадаем, 25 сакавіка 2018 году Мікола Качурэц разгарнуў каля помніка князю Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг, праз 20 хвілін быў затрыманы і правёў ноч ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Віцябляніна абвінавацілі ў арганізацыі і правядзеньні незаконнага пікетаваньня (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаваньні міліцыі (23.4 КаАП). Судзьдзя Кастрычніцкага суду Віцебску Уладзімер Царыкаў прызнаў 26 сакавіка Міколу Качурца вінаватым і аштрафаваў на 735 рублёў (30 б.в.).

Сьцяг не вярнулі

У сваёй скарзе Качурэц выказаў нязгоду з пастановай Кастрычніцкага суду. Віцяблянін даводзіў, што на пляцоўцы ля помніка Альгерду ажыцьцяўляў свае законныя правы на свабоду меркаваньняў і свабоду масавых мерапрыемстваў, замацаваныя міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Запэўніваў, што ў ягоных дзеяньнях адсутнічаў склад прыпісаных яму правапарушэньняў.

Сьцьвярджаў таксама, што сьцяг у яго канфіскавалі незаконна. Прасіў вярнуць маёмасьць, адмяніць пастанову суду і скасаваць справу аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Судзьдзю Смалякову довады жыхара Віцебску не пераканалі. Пастанову судзьдзі Кастрычніцкага раёну яна пакінула бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня.

“Вынік чаканы, іначай, я мяркую, і быць не магло. Найхутчэй, буду абскарджваць пастанову ў Вярхоўным судзе. Чаго шкада – дык сьцяга. Маглі б ужо і вярнуць. Але ж гэта несамастойныя людзі. Ёй начальнік сказаў не вяртаць, дык і не вярнула...” – сказаў адразу пасьля разгляду скаргі ў абласным судзе Мікола Качурэц.

Зьміцер Міраш, фота аўтара