Згодна з рашэньнем райсуду спадар Андрэй мусіць выплаціць два штрафы – у 4 і 6 базавых велічынь паводле артыкулаў 23.34, ч. 1 і 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. З такім рашэньнем актывіст не пагадзіўся, бо палічыў, што ў ягоных дзеяньнях не было складу правапарушэньня – нікому ён нічога не рабіў дрэннага, хуліганскіх учынкаў не зьдзяйсьняў, грамадзкі парадак не парушаў і ўжо тым больш не аказваў ніякага супраціву супрацоўнікам міліцыі падчас затрыманьня. Усё што ён хацеў – гэта толькі павіншаваць сваіх былых калегаў з Днём Волі і падзяліцца сьвяточным настроем.
У сваім выступе Андрэй Кешанюк выказаў меркаваньне, што затрыманьне і далейшы судовы разбор з хлусьлівымі сьведчаньнямі міліцыянтаў і прадузятасьцю судзьдзі, якая не хацела высьветліць праўду, зьяўляецца ня чым іншым, як мэтанакіраванай рэпрэсіўнай акцыяй супраць яго. Таксама ён зьвярнуў увагу судзьдзі аблсуду на тое, што калі зыходзіць з артыкулу Закону «Аб масавых мерапрыемствах», у якім даецца дэфініцыя тэрміну «пікетаваньне», то і цяперашні яго выступ у судзе можна па вялікім рахунку трактаваць як пікетаваньне. І, такім чынам, яго, як і ўсіх выступоўцаў у судзе, трэба прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.
Выслухаўшы ўсе довады і развагі актывіста, судзьдзя Іванова пастанавіла скаргу не задавальняць, а рашэньне суду Першамайскага раёну пакінуць бязь зьменаў. І нагадала, што і яе рашэньне можна абскардзіць.
Уладзімер Бяляўскі