Як і чакалася, касацыя ў Вярхоўным судзе адбывалася ў закрытым рэжыме – з прычыны наяўнасьці сакрэтных зьвестак у матэрыялах справы. Аднак прадстаўнік ВС раней паведаміла праваабаронцам пра імаверную магчымасьць прысутнасьці грамадзкасьці і СМІ на абвяшчэньні рэзалюцыйнай часткі судовага рашэньня.
Як адзначыла Тацьцяна Рэвяка, яна была адзіным прадстаўніком грамадзкасьці, які скарыстаўся з гэтай магчымасьці.
Паводле інфармацыі праваабаронцы, старшынюючы судзьдзя Міхаіл Кашко, які агалошваў рэзалюцыйную частку, назваў павялічаны на паўгода тэрмін зьняволеньня для Міхаіла Жамчужнага – 6 гадоў і 6 месяцаў (пракурор патрабаваў 7 гадоў), але не назваў матывацыю, паведаміўшы, што асуджанаму будзе дасланае пісьмовае вызначэньне суду.
«Міхаіл Жамчужны быў у клетцы, яго ахоўвалі чатыры супрацоўнікі міліцыі. Я зразумела, што ён пазнаў мяне, паколькі павітаўся. Сам выглядае бадзёрым, падцягнутым. Калі мы ў залі чакалі судзьдзю, ён сказаў, што і надалей будзе займацца абаронай правоў зьняволеных», – распавяла Тацьцяна Рэвяка.
Таксама яна адзначыла, што судзьдзя нагадаў асуджанаму пра права на спатканьне з блізкімі сваякамі, на што Міхаіл Жамчужны адказаў, што ня мае такіх, і папрасіў спатканьне з блізкім сябрам. Судзьдзя адказаў, што гэта не прадугледжана законам.
Што тычыцца сутнасьці судовага паседжаньня, то, паводле словаў Тацьцяны Рэвякі, яно нічога не праясьніла. «Мы па-ранейшаму спадзяёмся, што зможам атрымаць інфармацыю пра сутнасьць справы Міхаіла Жамчужнага, каб высьветліць, ці ўяўляе інфармацыя, якую ён спрабаваў здабыць, грамадзкі інтарэс і ці датычыць абароны правоў зьняволеных», – патлумачыла яна.
Найбліжэйшым часам ПЦ «Вясна» мае намер даслаць у Вярхоўны суд запыт на інфармацыю па справе Міхаіла Жамчужнага, паколькі прысуд яму набыў законную моц.