Адвакат уважліва сочыць за лёсам англічаніна Алана Сьміта, якога суд Глыбоцкага раёну 11 ліпеня прысудзіў да двух гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю незаконнай міграцыі групы грамадзян Іраку ў краіны Эўразьвязу. Майкл нават сам прыяжджаў у Глыбокае і пабываў на адным з апошніх судовых паседжаньняў.
– Выклікае занепакоенасьць, што праз шматлікія парушэньні як беларускіх, гэтак і міжнародных стандартаў, што да справядлівага суду, разбор справы супраць спадара Сьміта быў хібны. Калі сьцісла, парушэньні палягаюць вось у чым:
1. Калі спадара Сьміта даставілі ў міліцэйскі пастарунак ў Менску 28 верасьня 2016 году, яму не былі растлумачаныя яго правы і яго статус. Яго консул ня быў праінфармаваны «неадкладна». Яму не далі адваката і кампэтэнтнага перакладчыка. Я расцэньваю ўсё гэта як парушэньне беларускага заканадаўства, а таксама парушэньне артыкулу 36 Венскай канвэнцыі аб консульскіх зносінах 1963 году, да якой Беларусь далучылася ў 1964 годзе.
2. Не было дастатковых падставаў для зьмяшчэньня яго пад варту ў часе папярэдняга сьледзтва. Бо меліся доказы толькі таго, што ён дапамагаў спадарыні Шахул Абдула Саліх, жанчыне ў гадох з інваліднасьцю, і нічога іншага. Пра свае правы і абавязкі ён даведаўся па-ангельску толькі праз два месяцы знаходжаньня ў вязьніцы. Яго змусілі падпісваць дакумэнты на расейскай мове, сэнсу якіх ён не разумеў. Яго перакладчык ня меў належнай кваліфікацыі, і ён ня мог належным чынам знаёміцца з матэрыяламі справы, бо яны не былі перакладзеныя яму, а ў задавальненьні хадайніцтва наконт перакладу асноўных дакумэнтаў спадару Сьміту было адмоўлена.
3. Падчас судовага разбору выявілася, што:
a. Працэдура допыту ірацкіх сьведак – галоўных сьведак па справе – ладзілася са шматлікімі парушэньнямі. Найвялікшае парушэньне было ў допыце сьведкі спадарыні Шахул Абдула Саліх, якая не размаўляе па-арабску, а толькі па-курдзку. Ёй далі толькі арабскага перакладчыка, а іншы арыштаваны, сьведка Шван Хабіб Фарах, перакладаў ейныя словы з курдзкай на арабскую. Гэта не было адзначана ў пратаколе допыту, у якім папросту запісалі, што пераклад рабіўся на родную мову сьведкі.
b. У некаторых дакумэнтах сьведак ёсьць заўвага, у якой гаворыцца, што «я прачытаў гэта асабіста, і гэта праўда», па-расейску. Гэта было падпісана ірацкімі сьведкамі. Але ж паколькі гэтыя дакумэнты на расейскай мове, сьведкі не маглі прачытаць іх асабіста, бо яны не разумеюць і не чытаюць па-расейску.
c. Боку абароны не было дадзена ніякіх доказаў кваліфікацыі перакладчыкаў падчас першага раўнду допытаў.
d. Правы і абавязкі сьведак і абвінавачаных, уключаючы права на прысутнасьць адваката, не былі ім растлумачаныя.
e. Адзін з галоўных сьведак, спадар Бахан Абдула Саліх, наогул ня быў дапытаны без тлумачэньня прычынаў.
f. Хадайніцтва боку абароны пра апытаньне адсутных сьведак праз скайп не было задаволенае, і суд не зрабіў ніякіх намаганьняў, каб гэтыя сьведкі маглі папрысутнічаць у судзе і даць асабістыя паказаньні. Замест гэтага паказаньні згаданых сьведак былі толькі зачытаныя, што ёсьць парушэньнем часткі 1 артыкулу 333 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо немагчымасьць іх прысутнасьці ў судзе не была спраўджаная.
g. Мабільны тэлефон асноўнага сьведкі, спадара Швана Хабіба Фараха, ня быў правераны належным чынам. Уся праверка працягвалася толькі паўтары гадзіны і не рабілася экспэртам.
h. Адзіным доказам сувязі спадара Сьміта зь меркаванай «арганізаванай злачыннай групай» зьяўляецца кантактны нумар невядомай асобы, знойдзены на яго мабільным тэлефоне. Няма ніякіх доказаў наяўнасьці паведамленьняў або тэлефанаваньняў паміж ім і меркаванымі супольнікамі.
Усё гэта – недастатковы аб'ём доказаў для таго, каб прыцягнуць асобу да суду.
Нагадаем, Алан Сьміт быў затрыманы напрыканцы верасьня 2016 году і зьмешчаны ў СІЗА №2 Віцебску. Грамадзяніна Вялікай Брытаніі абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 371¹ у арганізацыі незаконнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу шасьцярых чалавек зь Іраку. Ён нібыта дзейнічаў у складзе групы асобаў па папярэдняй змове. Суд, меркаванае месца правядзеньня якога некалькі разоў пераносілася, праходзіў з 25 траўня па 11 ліпеня 2017 году ў Глыбокім. Пракурор прасіў для англічаніна 6 гадоў зьняволеньня, але ў выніку судзьдзя Станіслаў Трапук перакваліфікаваў абвінавачаньне на частку 1 названага артыкулу КК (арганізацыя незаконнай міграцыі, але ня ў складзе групы асобаў) і прысудзіў Алана Сьміта да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму. Падсудны сваёй віны не прызнаў.
Майкл Полак – адвакат з групы Pro Bono адвакатаў-правабаронцаў МЗС Вялікай Брытаніі (Foreign & Commonwealth Office Pro Bono Lawyers Human Rights Panel). Сябры гэтай групы дапамагаюць грамадзянам Вялікай Брытаніі, што знаходзяцца пад вартай або ў зьняволеньні за мяжой, у выпадках, якія выклікаюць неспакой наконт справядлівасьці суду, які мае адбыцца, трывае або завяршыўся. Асаблівую ўвагу адвакаты групы надаюць захаваньню належных працэдураў і парушэньням правоў чалавека, у тым ліку катаваньням і жорсткаму абыходжаньню.
Кастусь Дзьвінскі