Пацярпелай асобай выступаў маёр міліцыі Чыгуначнага РАУС Яўген Кацкевіч.
Згодна зь першым міліцэйскім пратаколам, 5 чэрвеня грамадзянка Куканос, якая знаходзілася ў будынку Чыгуначнага РАУС, не падпарадкавалася шматразовым законным патрабаваньням старшага апэратыўнага дзяжурнага маёра Кацкевіча, які забараніў ёй рабіць відэаздымку дзяжурнай часткі на свой мабільны тэлефон. Забараніў на той падставе, што відэафіксацыю ў міліцэйскім пастарунку нібыта не дазваляе заканадаўства. Адказнасьць за гэтае правапарушэньне прадугледжаная артыкулам 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Другі пратакол сьцьвярджае, што пасьля затрыманьня за правапарушэньне грамадзянка Надзея Куканос наўмысна пачала абражаць маёра міліцыі Яўгена Кацкевіча: плявала яму ў твар і на форменнае абмундзіраваньне, а на заўвагі не рэагавала. Такім чынам, сваімі дзеяньнямі яна нібыта парушыла артыкул 23.5 КаАП.
Надзея Куканос са зьместам пратаколаў не пагадзілася і паведаміла, што якія-небудзь тлумачэньні наконт сваіх паводзінаў будзе даваць толькі пасьля апытаньня сьведкаў і прагляду відэаматэрыялаў зь міліцэйскіх камэраў відэаназіраньня.
У якасьці сьведкаў выступілі супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС Генадзь Батурын, Руслан Лысёнак і Кірыл Бяспалаў. Усе яны пацьвердзілі вэрсію, зафіксаваную ў пратаколах і выказаную маёрам Кацкевічам: не падпарадкоўвалася, супраціўлялася, плявалася, абражала, імітавала дрэнны стан здароўя.
Асноўным доказам адміністрацыйнага правапарушэньня мусіла стаць відэа з камэраў назіраньня, таму яно выклікала цікавасьць прысутных на працэсе. І хаця якасьць відэа была добрай, непрыемнай акалічнасьцю стала поўная адсутнасьць гуку. Так, на відэа было бачна, што да спадарыні Куканос ужывалася фізычная сіла, яна супраціўлялася, рабіла нейкія рухі на мігах у бок дзяжурнага, што нагадвалі плявок, але што дакладна прычынілася да такіх паводзінаў было незразумела праз адсутнасьць гуку.
Пасьля прагляду відэа Надзея Куканос заявіла, што, на яе думку, відэа зьяўляецца мантажаваным, і зь яго не відаць, ці вяла яна здымкі на свой мабільнік. Праўда, пазьней яна сказала, што відэаздымкі ёй мо і вяліся, але ўся справа ў мабільніку, які сам пераскоквае з адной функцыі на іншую. Так, на відэа бачна, што тэлефон працуе, але першапачаткова яна ўлучыла яго з той мэтай, каб прадэманстраваць запісаны на мінулым тыдні факт зьбіцьця двух п’яных грамадзянаў міліцыянтамі, сьведкам якога яна выпадкова стала. А прыйшла яна ў РАУС з адзінай мэтай: даведацца пра лёс сваёй заявы, якую напісала наконт зьбіцьця гэтых грамадзянаў. Заявіла яна і пра тое, што адзінай прычынай яе адпраўкі ў ізалятар часовага ўтрыманьня стаўся менавіта факт міліцэйскага бязьмежжа, які яна зафіксавала на свой тэлефон.
Перад вынясеньнем пастановы па справе судзьдзя зрабіла перапынак. Пасьля перапынку людзей у зале паменела. Не вярнулася ў залю і Надзея Куканос. Пасьля некалькіх фармальных дзеяньняў судзьдзя Ала Бардзюкова абвясьціла, што па вывучэньні доказнай базы ў дзеяньнях Надзеі Куканос суд угледзеў склад адміністрацыйных правапарушэньняў, прадугледжаных артыкуламі 23.4 і 23.5 КаАП.
Суд пастанавіў паводле артыкулу 23.4 спагнаць з Надзеі Куканос штраф у памеры 15 базавых велічыняў, а паводле артыкулу 23.5 – 25 базавых велічыняў. Па сукупнасьці штраф склаў 40 базавых на суму 920 рублёў.
С. Горкі