Падзея, якая стала нагодай для адміністрацыйнай справы, адбылася 6 красавіка. У гэты дзень судовая выканаўца Кацярына Прыгажаева наведала Пятра Іванова, каб, як ён сьцьвярджае, «разьвесьці на грошы за справу двухгадовай даўнасьці». На думку спадара Іванова, тая ня мела права спаганяць зь яго грошы, бо дзяржаўная пошліна не спаганяецца ў прымусовым парадку пасьля разгляду справы судом. Як распавядае актывіст, ён папрасіў Прыгажаеву пакінуць дом, а калі тая адмовілася, выставіў жанчыну за браму, пасьля чаго зачыніў дзьверы на ключ. Гэтыя дзеяньні ў адносінах да судовай выканаўцы былі расцэненыя супрацоўнікамі міліцыі як адміністрацыйнае правапарушэньне.
Адміністрацыйны працэс вёў судзьдзя Ільля Белавус. 6 чэрвеня ён задаволіў просьбу Пятра Іванова і даў яму магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі справы. На гэта ён адвёў суткі.
На наступны дзень Пётар Іваноў паведаміў, што па выніках «частковага азнаямленьня з матэрыяламі справы» ён накіраваў дзьве заявы: адну ў УУС аблвыканкаму, другую ў гарадзкую пракуратуру. Пасьля чаго заявіў два хадайніцтвы: пра перанос слуханьняў на той падставе, што не пасьпеў азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, і пра неабходнасьць заключэньня дамовы з адвакатам. Судзьдзя ніводнага хадайніцтва не задаволіў і сказаў, што хутка стане зразумела, чаму ён гэтак зрабіў.
Далей Ільля Белавус зачытаў міліцэйскі пратакол, у якім сьцьвярджалася, што 6 красавіка Пётар Іваноў наўмысна нанёс лёгкія цялесныя пашкоджаньні судовай выканаўцы Кацярыне Прыгажаевай, чым зьдзейсьніў адміністрацыйнае правапарушэньне паводле часткі 1 артыкулу 9.1 КаАП. За такія дзеяньні артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак.
Пётар Іваноў вінаватым сябе не прызнаў, выкладзеныя ў пратаколе факты назваў паклёпам, а тлумачэньні пагадзіўся даваць толькі ў прысутнасьці адваката.
Пасьля гэтых словаў судзьдзя абвясьціў, што напярэдадні скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня паводле гэтага артыкулу (два месяцы), і што гэтая акалічнасьць зьяўляецца падставай для спыненьня адміністрацыйнага працэсу.
Далей ён агучыў пастанову: «Разгледзеўшы матэрыялы справы паводле часткі 1 артыкулу 9.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да Пятра Іванова, суд пастанавіў справу аб адміністрацыйным правапарушэньні спыніць у сувязі з заканчэньнем тэрміну накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня».
Нягледзячы на тое, што Пятра Іванова так і не прыцягнулі да адказнасьці, вынікам судовага працэсу ён застаўся незадаволены: «Яны знарок падвялі да таго, каб тэрмін справы скончыўся. У маіх дзеяньнях адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэньня. Да адказнасьці трэба было прыцягваць Прыгажаеву і тых, хто фабрыкаваў гэтую справу».
С. Горкі