Нядзеля, 16 Верасень 2012

Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў слушнай забарону пікету за байкот выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётра Сарапеня Пётра Сарапеня

Суд Першамайскага раёну Віцебску не задаволіў скаргу сябры партыі КХП БНФ Пётры Сарапені на рашэньне Першамайскай адміністрацыі аб забароне пікету за байкот выбараў. Скаргу разглядала намесьніца старшыні суду Вольга Ільлюшонак. На пачатку паседжаньня Сарапеня заявіў хадайніцтва, каб працэс вёўся на беларускай мове. Судзьдзя адмовіла. Маўляў, мовамі судовых паседжаньняў у нашай краіне зьяўляюцца дзьве – руская і беларуская.

 

Пасьля рэплікі аб зьневажэньні роднай мовы, якая прагучала з залі, судзьдзя выдаліла зь яе паплечніка Сарапені Яна Дзяржаўцава, пасьля чаго Пётра Сарапеня таксама адмовіўся прысутнічаць на паседжаньні. У заяве з просьбай разглядаць скаргу безь яго Пётра Сарапеня адзначыў, што сыходзіць, бо судзьдзя адмовіла яму ў хадайніцтве весьці паседжаньне на беларускай мове, а рускай ён не разумее, “бо размаўляе і думае па-беларуску”.

Паводле слоў Яна Дзяржаўцава, сябры партыі КХП БНФ атрымалі ўжо 14 адмоўных адказаў з усіх гарадзкіх адміністрацыяў на заявы аб правядзеньні пікетаў за байкот парлямэнцкіх выбараў. Як звычайна, улады адмаўляюць, спасылаючыся на тое, што заяўнікі ня выканалі патрабаваньняў рашэньня віцебскага гарвыканкаму №881 – адсутнічаюць дамовы з арганізацыямі, якія маюць абслугоўваць масавыя мерапрыемствы (ЖКГ, УУС, “хуткая дапамога”). У сваю чаргу, гэтыя арганізацыі таксама з розных прычын адмаўляюцца заключаць дамовы з заяўнікамі масавых мерапрыемстваў у Віцебску.

Дыялёг