Жанчына падкрэсьліла, што ёй адмовілі ў спатканьні з сынам перад судовым працэсам: «Мне сказалі, што спатканьне магчымае толькі пасьля суду, а сама судзьдзя наогул са мной адмовілася сустрэцца. Даўно, калі Андрэй яшчэ знаходзіўся ў Віцебску, мне паведамілі, што, магчыма, перад судом нам дазволяць спатканьне, але цяпер усё знаходзіцца ў кампэтэнцыі суду, а ня сьледзтва».
Нагадаем, нядаўна старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што судовыя слуханьні па справе Андрэя Гайдукова, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве, хутчэй за ўсё, пройдуць за зачыненымі дзьвярыма. Пры гэтым ён адзначыў: «Я думаю, што пасьля таго, як будзе абвешчанае рашэньне суду, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў няёмкім становішчы. Ён не пасьпеў зьдзейсьніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта было, як мы кажам, клясыка - усё было зроблена чыста», - заявіў кіраўнік КДБ.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Гэтае абвінавачаньне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюд газэты «Хартыя’97». Праваабаронцы перасьлед Гайдукова зьвязваюць зь яго апазыцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.
Крыніца: Хартыя'97