Сустрэча адбылася 5 чэрвеня ў межах арганізаванага амбасадай Вялікай Брытаніі візыту ў рэгіёны Беларусі групы міжнародных экспэртаў, якія займаюцца праблемай сьмяротнага пакараньня.
Андрэй Мікалаевіч паведаміў прысутным, што сам ён зьяўляецца прыхільнікам мараторыю на выкананьне сьмяротных выракаў праз магчымасьць судовых памылак. Але падкрэсьліў, што гэта толькі яго асабісты пункт гледжаньня: маўляў, ёсьць іншыя дэпутаты, і ў іх ёсьць свая ўласная пазыцыя.
Хаця краіна і ідзе да адмены сьмяротнай кары, «улічваць думку грамадзян Рэспублікі Беларусь мы з вамі абавязаныя», – выказаў сваю думку спадар Навумовіч, нагадаўшы, што на рэфэрэндуме 1996 году 80 адсоткаў грамадзян краіны выказаліся за захаваньне пакараньня сьмерцю.
На пытаньне з залі, а ці ня варта цяпер правесьці новы рэфэрэндум, ён адказаў: «А Вы ўпэўненыя, што на новым рэфэрэндуме больш за палову грамадзян выкажуцца за адмену сьмяротнай кары?»
Старшыня парлямэнцкай камісіі па правох чалавека паведаміў таксама, што ў Палаце прадстаўнікоў не ідзе праца па распрацоўцы закону што да праблемы сьмяротнай кары. «Тут закону і не павінна быць па адмене сьмяротнага пакараньня», – сказаў ён.
Яшчэ Андрэй Мікалаевіч патлумачыў, чаму дэпутаты не выносяць абмеркаваньне праблемы сьмяротнага пакараньня на парлямэнцкія слуханьні: «Калі мы вынесем гэтае пытаньне ў Палаце прадстаўнікоў на парлямэнцкія слуханьні, і большасьць дэпутатаў мяне, як кіраўніка групы, не падтрымае, вы ж заўтра напішаце: спадар Навумовіч мэтанакіравана вынес гэтае пытаньне ў Палату прадстаўнікоў (а мы адчуваем і бачым думку нашых міжнародных экспэртаў) сырым, непадрыхтаваным».
Што замінае больш грунтоўна падрыхтавацца да парлямэнцкіх слуханьняў і ўсё ж узьняць у заканадаўчым органе краіны праблему сьмяротнага пакараньня, Андрэй Навумовіч удакладняць ня стаў.
Кастусь Дзьвінскі