Серада, 17 Чэрвень 2020

Інфармацыйна-прававы цэнтар «Адвакацыя» адкрыўся ў Полацку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У траўні 2020 году ў Полацку пачаў працаваць цэнтар прававой дапамогі для сацыяльна ўразьлівых грамадзян. Дзейнасьць цэнтру «Адвакацыя» накіраваная на прававую асьвету людзей і дапамогу ў абароне правоў і свабод чалавека. Людзям, якія знаходзяцца ў сацыяльна ўразьлівым становішчы, адмыслоўцы цэнтру дапамагаюць бясплатна.

Гэтак, бясплатную юрыдычную дапамогу цэнтру могуць атрымаць беспрацоўныя, адзінокія бацькі, моладзь, людзі пэнсійнага веку, мігранты, прадстаўнікі нацыянальных і сацыяльных меншасьцяў. Цэнтар прававой дапамогі «Адвакацыя» знаходзіцца ў Полацку на вул. Дзяржынскага, 105 (Задзьвіньне, будынак былой мэблевай фабрыкі). Прыём грамадзян – па панядзелках з 14.00 да 18.00, па серадах – з 10.00 да 14.00. Папярэдне можна запісацца па тэлефоне (+375 29 711-00-06, +375 29 513-05-30).

У прыёмную цэнтру ўжо зьвяртаюцца людзі з рознымі сацыяльнымі пытаньнямі. Да прыкладу, людзей турбуе неправамернае накіраваньне ў лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП), афармленьне дазволу на часовае пражываньне ў Беларусі і г.д.

Нядаўна ў прыёмную «Адвакацыі» зьвярнуўся грамадзянін адной з усходніх краін Пэрсыдзкай затокі Амар (імя заяўніка зьмененае на ягоную просьбу). Ён вучыўся ў беларускай ВНУ на эканамічнай спэцыяльнасьці, сёлета ўвесну скончыў навучаньне, атрымаў адпаведны дыплём, але адразу ж трапіў у сацыяльна слабае становішча.

Справа ў тым, што Амар пазбавіўся рэгістрацыі па месцы жыхарства ў інтэрнаце, тэрмін дзеяньня дазволу на часовае пражываньне на тэрыторыі РБ ужо заканчваецца, але вярнуцца на радзіму ён ня можа праз пандэмію COVID-2019. Між тым, былы замежны студэнт ня можа падоўжыць тэрмін дзеяньня дазволу на часовае пражываньне, бо тэрмін дзеяньня ягонага нацыянальнага пашпарту таксама мінае, а падоўжыць гэты тэрмін магчыма толькі ў краіне грамадзянства.

Праз гэтую сытуацыю Амар можа быць зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня як асуджаны паводле «адміністрацыйнага артыкулу», бо дэпартаваць яго на радзіму таксама пакуль немагчыма.

Мужчына атрымаў у цэнтры «Адвакацыя» неабходныя рэкамэндацыі. Кваліфікаваны юрыст растлумачыў Амару палажэньні Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, Працэсуальна-выканаўчага Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, Закону аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства. Заяўнік атрымаў таксама неабходныя кантакты амбасады сваёй краіны. Апроч таго, былі праведзеныя перамовы з амбасадарам гэтай краіны. Спэцыялісты «Адвакацыі» далі рэкамэндацыі што да правілаў паводзінаў замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь.

Аляксандар Марозаў

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.