Чацвер, 23 Красавік 2020

Гісторыя рэаніматоляга, якога падчас пандэміі дамагаецца ваенкамат

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Расьціслаў Савіцкі. Фота з  Facebook Расьціслаў Савіцкі. Фота з Facebook

Анэстэзіёляга аддзяленьня рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай больніцы хуткай мэдычнай дапамогі (БХМД) Расьціслава Савіцкага хочуць пакласьці «на абсьледаваньне» для прызыву ў войска. Праблему прызыву на тэрміновую службу свайго «асноўнага анэстэзіёляга-рэаніматоляга» падняў загадчык аддзяленьня рэанімацыі БХМД Уладзімер Мартаў. TUT.BY пагаварыў з Расьціславам Савіцкім.

Расьціславу Савіцкаму – 25 гадоў. Спачатку ў яго была адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую службу праз вучобу (малады чалавек скончыў ВДМУ), потым – у сувязі з нараджэньнем дзіцяці. Увосень 2019-га дачцэ споўнілася 3 гады – і Расьціславу прыйшла позва.

Увосень я прайшоў у ваенкамаце мэдкамісію, сабраў усе патрэбныя даведкі. У мяне хранічнае захворваньне – гнойны атыт сярэдняга вуха. Каб пацьвердзіць дыягназ, давялося ляжаць у стацыянары. Але не ў лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, дзе працую, а ў другой – абласной клінічнай. Таму што даведкі з маёй больніцы ў ваенкамаце не прымалі: думалі, што на сваёй працы я зраблю ліпавыя дакумэнты, каб не пайсьці ў войска. Каб пацьвердзіць статус «не прыгодны ў мірны час», мне трэба было прынесьці ў ваенкамат пацьверджаньне, што ў мяне за год здараюцца як мінімум два запаленьні. Такую даведку я прынёс – і мне далі адтэрміноўку на 5 месяцаў.

У новай позьве паведамлялася, што прызыўнік мусіць зьявіцца ў ваенкамат 6 красавіка.

Ваенкамат гораду Віцебску, Віцебскага і Лёзьненскага раёнаў. Фота: Ігар Мацьвееў

На ўваходзе ў ваенкамат усіх абавязваюць надзяваць маскі. Пры гэтым у позьве пра гэта нічога не гаворыцца. У мяне была маска, я яе надзеў. Але такое патрабаваньне выглядала непрыгожа ў дачыненьні да хлопцаў, у якіх масак не было. Іх проста разварочвалі і адпраўлялі шукаць сродак засьцярогі. А тады, на пачатку красавіка, у аптэках іх было складана знайсьці. І калі ўлічыць, што ў ваенкамат прыходзяць жыхары ня толькі Віцебску, але і Віцебскага і Лёзьненскага раёнаў, то хлопцам зь сельскіх рэгіёнаў было яшчэ складаней знайсьці гэтыя маскі, чым гарадзкім прызыўнікам.

«Хадзіць і зьбіраць даведкі для ваенкамату цяпер – недапушчальна для лекара»

У ваенкамаце Расьціславу паведамілі, што дакумэнты з восеньскай мэдкамісіі састарэлі і што яе трэба прайсьці нанава.

– Я патлумачыў, што працую ў рэанімацыі, што падчас эпідэміі ў мяне вельмі шмат працы. І сказаў прама: хадзіць і зьбіраць даведкі для ваенкамату я ня буду – цяпер гэта недапушчальная трата часу для лекара-рэаніматоляга. Маёр пацікавіўся: «А зь якімі пацыентамі вы працуеце?». Я растлумачыў: «З хворымі цяжкімі пнэўманіямі – вірусна-бактэрыяльнымі». Супрацоўнікі ваенкамату зразумелі, што мая сытуацыя – нестандартная, і паабяцалі разабрацца.

Праз два дні, 8 красавіка, Расьціслава зноў выклікалі ў ваенкамат. Там ён даведаўся, што яго пакінулі ў спакоі – на месяц:

– Галоўны ўрач маёй больніцы хадайнічаў за мяне перад ваенкаматам. Патлумачыў, што ў мяне сапраўды загружаны графік і што я не змагу зьбіраць даведкі. Усё скончылася тым, што цяпер у мяне позва на 7 траўня.

Лякарня хуткай мэдычнай дапамогі ў Віцебску. Фота: Тацяна Мацьвеева, TUT.BY

«Пацыентаў у нас закладвалі вялікімі пачкамі»

– Зараз БХМД падзеленая на два профілі. Хірургічны корпус працуе ў штатным рэжыме. А тэрапэўтычны корпус і радзільню перапрафілявалі для прыёму хворых на пнэўманію. Таксама да нас вязуць пацыентаў з падазрэньнем на вірусную пнэўманію. Мы іх бяром, калі маем месцы.

Расьціслаў адзначае, што ў БХМД пастараліся апэратыўна арганізаваць дапамогу хворым:

– На ўвесь корпус – а ў ім 200 зь лішнім ложкаў – было 18 ложкаў з кіслародам. Гэта, на жаль, вельмі мала. Тады ў нас пачалі рабіць падводныя кіслародныя кропкі. Яны вельмі патрэбныя пацыентам зь віруснай пнэўманіяй. Кісларод для іх нашмат важнейшы за дарагія лекі. І напачатку красавіка гэтыя кропкі ў нас абсталявалі.

Кіслародныя пункты ўсталявалі на трэцім паверсе корпусу, потым – на другім, затым – на першым.

– Прыкладна з 4-5 красавіка на нас абрынуўся вельмі вялікі паток хворых. Як толькі забясьпечылі кіслародам трэці паверх – адразу ж пачалі завозіць пацыентаў. Закладвалі іх вялікімі пачкамі. Трэці паверх запоўніўся за двое сутак. Другі і першы – прыкладна за суткі. Усё «без адрыву ад вытворчасьці»: на трэцім паверсе ўжо ляжаць пацыенты, а на другім – вэрхал: рабочыя падводзяць кісларод. Спрабавалі ўсё рабіць адначасова, каб не губляць каштоўны час.

Прыкладна праз тыдзень перапрафілявалі пад прыём хворых з пнэўманіямі і радзільню №3 на тэрыторыі больніцы хуткай дапамогі.

– Зараз яна таксама цалкам запоўненая. Сярод пацыентаў ёсьць цяжарныя з клінічнымі прыкметамі пнэўманіі.

Радзільны дом №3. Фота: Тацяна Мацьвеева, TUT.BY

«Цяпер не вайна, але нам даводзіцца «сартаваць» хворых»

На мінулым тыдні зь лякарні пачалі выпісваць людзей.

– На выпіску ішлі людзі, якія адразу, пры паступленьні, мелі патрэбу ў мэдыкамэнтознай падтрымцы, кіслародзе. Шмат хто меў цяжкія пнэўманіі. І ва ўмовах не пандэміі, напэўна, яны б яшчэ працягвалі лячэньне. Але мы разумеем, што цяпер у іх стан не такі цяжкі, як у іншых, і вымушаныя іх выпісваць. Яны пераходзяць на хатняе лячэньне, пад наглядам мэдыкаў.

За дзень, кажа Расьціслаў, выпісваюць па 10-20 чалавек.

– І адразу ж тыя ложкі запаўняюцца. У прыёмным пакоі ў нас працуюць два тэрапэўты і рэаніматоляг. Яны аглядаюць пацыентаў і сартуюць: каго куды адправіць. Хтосьці ідзе ў аддзяленьне з кіслародам, хтосьці – у рэанімацыю.

Лекары-рэаніматолягі, якія працуюць у БХМД з пнэўманіямі, адпрацоўваюць тры зьмены па 8 гадзін.

– Усе астатнія лекары ў нашай больніцы працуюць па 12 гадзін, – кажа Расьціслаў Савіцкі. – Але я ведаю, што ў мэдустановах ёсьць тэрапэўты, якія працуюць суткамі. А ёсьць і тыя, хто пасьля сутак застаецца яшчэ на 8 гадзін. То бок лекар на нагах 32 гадзіны! І такая практыка ў беларускіх лякарнях, на жаль, распаўсюджаная. Працаваць больш за суткі для лекара – гэта даўно ўжо не навіна. І гэта не таму, што чалавек хоча так шмат працаваць. Проста не стае спэцыялістаў.

– Што для вас цяпер самае складанае ў працы?

– Спускаючыся ў прыёмнік, ты глядзіш на пацыентаў. Бачыш іх стан, дыягназы, здымкі лёгкіх. Табе вельмі горка. Ты разумееш: у звычайны час палова зь іх, а то і больш, пайшла б у рэанімацыю. Іх бы вялі як цяжкіх пацыентаў. Да іх бы, магчыма, быў індывідуальны падыход: калі б ім, да прыкладу, не падыходзілі схемы антыбіётыкаў. Але цяпер нам даводзіцца адбіраць зь цяжкіх пацыентаў «менш цяжкіх» і «больш цяжкіх». Першыя ідуць у аддзяленьне, другія – у рэанімацыю. Цяпер не ваенны час, калі раненьні дзялілі на лёгкія і цяжкія, але нам даводзіцца займацца такімі вось рэчамі – «сарціроўкай» хворых. Гэта і ёсьць самае страшнае.

Тацяна Мацьвеева, TUT.BY

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.