Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард пакутуе на дыхавіцу (астму), мае другую групу інваліднасьці. 29 чэрвеня хвароба абвастрылася – мужчына трапіў у лякарню. Расказвае, што ў яго адразу ўзялі два тэсты на каронавірус. Вынік быў адмоўны, але пасьля таго, як ён правёў некалькі дзён у палаце з трыма новымі пацыентамі, трэці тэст паказаў станоўчы вынік на COVID-19.
Пакуль чалавек змагаўся з каронавірусам у лякарні, судовыя выканаўцы разам зь міліцыянтамі 1 ліпеня ўскрылі інтэрнацкі пакой Рафаэля і вывезьлі ягоныя рэчы ў невядомым кірунку. Дзьверы пакою – апячаталі.
«Уявіце! Я выйду зь лякарні, а ў інтэрнат мяне не пускаюць! Цяпер я бомж! Што далей? Я не супраць перасяленьня. Дайце мне сацыяльнае або арэнднае жытло. Ці дайце нармальны інтэрнат», – кажа Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард.
Выселілі бяз згоды
Віцяблянін тлумачыць, што з былога студэнцкага інтэрнату Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналягічнага каледжу на вуліцы Камсамольскай, 40, дзе ён пражываў ад 2009 году на падставе пажыцьцёвай дамовы найму, яго выселілі паводле рашэньня суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 2019 году, якое лічыць незаконным і зараз абскарджвае.
Адміністрацыя каледжу спрабавала выселіць Кірылава-Шмільхольдхарда праз суд яшчэ ў 2017-м. Але тады суд Чыгуначнага раёну адмовіўся прызнаць дамову несапраўднай і засьведчыў, што скасаваньню яна не падлягае.
У верасьні 2019-га каледж зноў падаў пазоў аб прымусовым перасяленьні віцябляніна ў іншы інтэрнат – на Парахавую, 17. Такі варыянт для Рафаэля не падыходзіў, бо ў інтэрнаце на Парахавой рабілі капрамонт, а ён хварэе на дыхавіцу. Паводле заканадаўства, на час рамонту ўсе жыхары мусяць быць выселеныя. Апроч таго, прымусова перасяліць у іншы інтэрнат і падпісаць новую дамову найму бяз згоды грамадзяніна немагчыма. Але суд пастанавіў яго выселіць.
«Падставаў высяляць не існавала…»
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард – юрыст паводле адукацыі. Ён пераконвае, што існуе ўсяго чатыры падставы, згодна зь якімі можна выселіць грамадзяніна з інтэрнату безь ягонай згоды. А менавіта: праз сканчэньні тэрміну дзеяньня дамовы найму; праз запазычанасьць аплаты паслугаў ЖКГ; у выпадку дабравольнай прапіскі ў іншым месцы пражываньня; у выпадку пагрозы аварыйнага разбурэньня будынку ці на час капітальнага рамонту.
«Ніводнай з пералічаных падставаў на сёньняшні час не існуе. Затое ёсьць шэраг заключэньняў спэцыялістаў пра тое, што інтэрнат на Камсамольскай прыдатны для пражываньня. Але з 2017 году студэнты каледжу там не жывуць і я – адзіны жыхар», – кажа Рафаэль.
Між тым, ён 12 гадоў стаіць у чарзе грамадзянаў, якія маюць патрэбу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Трэці год уключаны ў сьпісы на атрыманьне сацыяльнага жытла.
«Калі я выпішуся і памяняю месца жыхарства, мне ўсё давядзецца пачынаць з нуля. Тады дзеля чаго я прайшоў столькі судоў, адстойваючы сваё права застацца ў чарзе на жытло?» – абураецца Кірылаў-Шмільхольдхард.
«Не захацеў перасяляцца – ідзі на вуліцу!»
Рафаэль зьвяртае ўвагу, што, выносячы рашэньне па справе, суд Чыгуначнага раёну Віцебску не пастанавіла скасаваць дамову найму, а каледж такіх патрабаваньняў не заяўляў. Аднак каб перасяліць чалавека, трэба скасаваць дамову найму на Камсамольскай, 40 і заключыць новую дамову найму на Парахавой, 17, якую мусіць зарэгістраваць гарвыканкам.
«Так мяне пастанавілі выселіць з забесьпячэньнем іншым інтэрнатам. Але на якой падставе вы мяне можаце выселіць? Я сваёй пісьмовай згоды на заключэньне новай дамовы найму не даваў. Тым больш існуе судовы прэцэдэнт. У Менску суд не дазволіў адміністрацыі аднаго з інтэрнатаў выселіць некалькі інвалідаў бяз іхняй згоды», – зьвяртае ўвагу Рафаэль.
«Не захацеў перасяляцца на Парахавую – ідзі на вуліцу! Пра прымусовае высяленьне мяне нават не папярэдзілі!», – абураецца Кірылаў-Шмільхольдхард.
24 чэрвеня Рафаэль падаў скаргу ў Вярхоўны суд на рашэньне Чыгуначнага суду. Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард кажа, што застаецца надзея на скасаваньне рашэньня Чыгуначнага суду.
Зараз Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард знаходзіцца ў лякарні.
С. Горкі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!