Як паведамляе «Полацкі весьнік», пазоўнікам у такіх справах выступае ў судзе прадпрыемства «ЖКХ г. Полацку» пры ўдзеле пракуратуры Полацкага раёну. У 2019 годзе ў суд было пададзена 66 пазоваў у дачыненьні да палачан, якія не аплачваюць камунальныя паслугі ў дамах дзяржаўнага жылфонду.
У выніку суд Полацкага раёну і гораду Полацку вынес летась 34 рашэньні аб высяленьні наймальнікаў і іх сем’яў без забесьпячэньня іншым жыльлём. 29 пастановаў ужо выкананыя, 5 – знаходзяцца на стадыі выкананьня ў аддзеле прымусовага выкананьня Полацкага раёну. Яшчэ ў 20 выпадках пазоўнік адмовіўся ад сваіх патрабаваньняў у сувязі з поўнай аплатай запазычанасьці.
На сёньня яшчэ 12 заяваў знаходзяцца ў судзе на разглядзе.
«Высяленьне – гэта надзвычайная мера, да якой зьвяртаецца КУП «ЖКГ г. Полацку», калі ўзьдзейнічаць на неплацельшчыкаў жыльлёва-камунальных паслуг інакш не атрымліваецца. Калі ані рэгулярныя папярэджаньні, ані адключэньні камунальных паслуг не прыводзяць наймальнікаў да думкі аб тым, каб пагасіць запазычанасьць і пеню», – піша выданьне.