Удзел у астыгмацыйным праекце ўзялі 8 маладых мастакоў зь Менску і Віцебску, а сьцены бібліятэкі ўпрыгожылі 26 яркіх карцін. Выстава «Я» стала магчымай дзякуючы намаганьням неабыякавых людзей – валянтэраў, мастакоў ды саміх выхаванцаў.
Віцебскі клюбны дом «Крылы Надзеі» аб'ядноўвае некалькі дзясяткаў людзей, якія перанесьлі розныя псыхічныя захворваньні. Сябры клюбу часта сустракаюцца, разам бавяць час, бяруць удзел у розных праектах.
Фрагмэнт мастацкай працы з выставы
Гэта ўжо трэцяя па ліку падобная выстава ў нашым горадзе. Першая зь вялікім посьпехам прайшла летась у арт-цэнтры VZAP. Другая – ў віцебскай бібліятэцы імя Петруся Броўкі.
Па словах адной з арганізатараў праекту дырэктаркі арт-цэнтра VZAP Інгі Багінскай, асноўная мэта выставы – пазнаёміць гараджан з праблемамі, зь якімі сутыкаюцца людзі, што перанесьлі псыхічныя захворваньні. А таксама – перадаць пачуцьцё прыязнасьці і талерантнасьці да іх.
Падчас адкрыцьця выставы
На 15-ці з 26-ці твораў – партрэтныя выявы выхаванцаў клюбу. Астатнія – гэта партрэты знаёмых і сяброў мастакоў, а таксама – іх аўтапартрэты. Знайсьці адрозненьні і зразумець, хто зь іх хто, немагчыма. У гэтым і ёсць галоўная задумка: паказаць, што паміж людзьмі няма адрозненьняў.
«На карцінах – асобы. Яны распавядаюць, чым жывуць і захапляюцца. Гэтыя працы раскрываюць унутраны сьвет чалавека», – тлумачыць Інга.
На выставе «Я» экспануюцца працы, створаныя ў рознай тэхніцы: хтосьці з мастакоў абраў паперу і акрыл, хтосьці – пастэль альбо алей. Ёсць партрэты, напісаныя каляровымі алоўкамі, акварэлі і працы, зробленыя зьмяшанай тэхнікай.
Адна з аўтарак праекту мастачка Анастасія Красоўская расказала, што працаваць з мадэлямі было лёгка і цікава. Перш чым прыступіць да працы, яна загадзя знаёмілася з героямі, праводзіла зь імі шмат часу, удзельнічала ў майстар-клясах.
Мастачка Анастасія Красоўская
Інга Багінская плянуе прэзэнтаваць праект ня толькі ў бібліятэках, але і ў кінатэатрах гораду. На думку арганізатаркі, гэта будзе спрыяць пашырэньню глядацкай аўдыторыі. Інга мяркуе, што як мага больш гараджан павінны убачыць гэтыя творы і перастаць ставіцца да людзей з псыхічнымі захворваньнямі з насьцярогай.
Падчас вэрнісажу выступіў артыст з Воранаўскага дома-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў» Кірыл Кузьмінкоў. Пасьля адкрыццьця выставы прайшлі майстар-клясы, у тым ліку па вырабе маляваных пернікаў – вясёлых баговак (багоўка – сымбаль клюбнага дому «Крылы надзеі»).
Кіраўнічка клюбнага дому "Крылы надзеі" Вера Лабейка
Уладзімер Бяляўскі, фота: Зьміцер Міраш