Як пераконваюць праціўнікі пляцоўкі, яна была пабудаваная з парушэньнем санітарных нормаў і правілаў горадабудаўніцтва. Штогод тут здараюцца выпадкі нападу сабакаў на людзей. Сёлета ў сакавіку ад сабакі без намордніку пацярпела жанчына. Зварот у міліцыю вынікаў не прынёс – гаспадыню сабакі шукаць ня сталі.
“Згодна зь дзейснымі нарматывамі, пляцоўка мусіць разьмяшчацца не бліжэй як за 40 мэтраў ад вокнаў жылых дамоў. Калі запрошаны намі адмыслоўца зрабіў геадэзічныя замеры, дык аказалася, што пляцоўка знаходзіцца за 13 мэтраў ад дому”, – сьцьвярджае жыхарка аднаго з дамоў Ірына Захарава.
Ад 2015 году актывісты ходзяць у пошуках праўды па чынавенскіх кабінэтах. Нічога звышмернага жыхары ня просяць – проста дамагаюцца, каб пляцоўку перанесьлі ў больш прыдатнае для выгулу сабак месца. Але ніякага плёну гэтыя хаджэньні пакуль не прынесьлі. Падобна на тое, што вырашаць праблему чыноўнікі і не зьбіраюцца.
Ірына Захарава
“Увесь час атрымліваем адны і тыя ж адказы-адпіскі. Асабліва зьбянтэжыў адказ зь Віцебскага гарвыканкаму. Там было напісана, што гэтую пляцоўку могуць наведваць аж 400 сабак, бо іхнія гаспадары аплочваюць адпаведны падатак. А цяпер уявіце сабе на гэтай пляцоўцы, якая, можна сказаць, прымыкае да школы, столькі жывёлінаў!” – абураецца Ірына Захарава.
“Сёньня ў 5.40 мяне пабудзіў сабачы брэх з пляцоўкі. Мы зьвярталіся і ў аблвыканкам, і ў гарвыканкам. Нам адказваюць, што наш дом, маўляў, бяз вокнаў (дом разьмешчаны тарцом да пляцоўкі, але на ім – выхад на агульны балькон - ВВ), і мы не павінны чуць брэх. Аж нэрвы не вытрымліваюць! Мы ж ня супраць сабачак, але пляцоўка пабудаваная ня там, дзе яна мусіць быць”, – кажа яшчэ адна жыхарка суседняга дому Тацяна Гложык.
Людзі разгубіліся, яны ня ведаюць, што рабіць у такіх варунках.
Грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец жыве далёка ад пляцоўкі для выгулу, але добра ведае праблему. Яна распавядае, што ў чэрвені актывісты зьбіраліся трапіць на прыём да старшыні аблвыканкаму Мікалая Шарстнёва. Але 16 чэрвеня атрымала пісьмовы адказ: у сустрэчы адмоўлена, з той прычыны, што актывісты ўжо зьвярталіся да намесьнікаў старшыні, і ім нібыта быў дадзены “абгрунтаваны адказ”.
Тацяна Севярынец
“Застаецца толькі суд”, – упэўненая Тацяна Севярынец. У гэтым яна пераконвае і жыхароў, якія церпяць ад праблемнага суседзтва.
Праваабаронца Павал Левінаў кажа, што жыхары мусяць праявіць у гэтым выпадку крэатыў:
“Трэба правесьці крэатыўную акцыю на гэтай пляцоўцы, неяк абсьмяяць сытуацыю, калі ўлада ня можа разьвязаць яе законнымі прававымі мэтадамі. Трэба паказаць усю абсурднасьць гэтай сытуацыі. А з другога боку – зьвярнуцца ў суд і надаць праблеме больш галоснасьці і публічнасьці”, – раіць праваабаронца.
Нядаўна на агароджы пляцоўкі невядомыя павесілі тры плякаты з надпісамі ад імя “цуцыкаў” ды “сабакаў”. Цяжка сказаць, ці было гэта сьмешна і крэатыўна, але нейкая навізна, безумоўна, зьявілася.
Ці зьвернуцца жыхары ў суд, пакуль можна толькі здагадвацца. Зразумела, што такі шлях вырашэньня праблемы патрабуе большых высілкаў і ўзгодненай пазыцыі жыхароў абодвух дамоў.
С. Горкі