Практыка сустрэч са службоўцамі гарадзкога і абласнога ўзроўняў стала рэгулярнай для віцебскіх актывістаў. І хаця шмат якія пытаньні пасьля такіх сустрэч застаюцца ня вырашанымі, пэўная карысьць ад іх ёсьць. Выказваньне сваёй пазыцыі наконт набалелых пытаньнях нясе ў сабе канструктыўны патэнцыял.
Падчас чарговай сустрэчы першай агучыла праблемы Ірына Захарава. Найвастрэйшая зь іх, на думку актывісткі, паўстала ў выніку незаконнай пабудовы сабачай пляцоўкі ў мікрараёне «Поўдзень-1». Праблема не вырашаецца з 2015 году. Нягледзячы на абяцаньні гарадзкіх і абласных чыноўнікаў, жыхары прылеглых да пляцоўкі дамоў вымушаныя дасюль мірыцца з парушэньнем санітарных нормаў і начным брэхам сабакаў. Неверагодна, але пляцоўка знаходзіцца ў 5-ці мэтрах ад школьнай сталоўкі і ў 13-ці ад жылога шматпавярховіка.
Паўторна давялося ўзьняць і пытаньне капітальнага рамонту дому №7, корпус 2 па вуліцы Чкалава. Бо невядома зь якіх прычынаў адпаведныя службы пасьля звароту жыхароў замест агляду дому №7, корпус 2 агледзелі на прадмет рамонту дом №7, корпус 1.
Алена Шабуня распавяла прысутным на сустрэчы чыноўнікам пра рэальны стан з заробкамі ў вобласьці. У якасьці прыкладу яна прывяла выпадак з аплатай працы будаўнікоў у Сеньненскай ЖКГ, налічаны заробак якіх за адзін зь месяцаў склаў 67 рублёў. Цікава, але на пачатку расповеду Алену паспрабавала спыніць сакратарка. Маўляў, гэтая праблема не была загадзя ўлучаная ў пералік узгодненых для абмеркаваньня на сустрэчы.
Ян Дзяржаўцаў, які ёсьць ня толькі актывістам апазыцыйнай партыі, а і кіраўніком грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», гаварыў пра неабходнасьць афіцыйнага прызнаньня пахаваньняў, знойдзеных у Віцебскім раёне, месцам масавых расстрэлаў часоў сталінізму. Ён падрабязна распавёў і пра сьведчаньні мясцовых жыхароў, і пра знойдзеныя ў пахаваньнях кулі, гільзы ды іншыя рэчы, якія даказваюць іх датычнасьць да сталінскага тэрору. Пазыцыю актывіста падтрымала і Алена Шабуня, якая нагадала, што археоляг акадэмічнага інстытуту гісторыі Алег Іоў у сваёй справаздачы пацьвердзіў, што пахаваньні ля Хайсоў цалкам падобныя да пахаваньняў у Курапатах.
Напрыканцы сустрэчы Ўладзімер Пенін запэўніў, што ў студзені 1919 году ўлады разгледзяць пытаньне пастаноўкі дому №7, корпус 2 на капітальны рамонт, а мо нават адрамантуюць і суседні дом №7, корпус 1. Што тычыцца сабачай пляцоўкі, то ў выпадку, калі выявяцца парушэньні, дапушчаныя пры яе пабудове, пляцоўку чыноўнік паабяцаў закрыць. Астатнія пытаньні патрабуюць больш глыбокага вывучэньня.
С. Горкі