Працэдура банкруцтва ААТ «Пурплева» распачалася паўтара гады таму – у лютым 2017 году Эканамічны суд Віцебскай вобласьці адкрыў справу пра неплацежаздольнасьць сельгаспрадпрыемства. Як вынікае са зьвестак, разьмешчаных у інтэрнэце на старонцы суду, на той момант на прадпрыемстве працавала 67 чалавек.
Карэспандэнт ВВ выехаў на месца, каб на свае вочы пабачыць нерухомасьць, выстаўленую на продаж, і пагутарыць зь людзьмі, якія засталіся бяз працы, а неўзабаве, мабыць, застануцца і без жытла.
Яшчэ задоўга да пад'езду да вёскі Пурплева пачынаеш разумець, што месца даволі дэпрэсіўнае: асфальт канчаецца за некалькі дзясяткаў кілямэтраў і пераходзіць у грунтавую дарогу, машын зусім няма. Школы, фельчарска-акушэрскія пункты, дамы культуры, пошты ва ўсіх навакольных вёсках зачыненыя і не функцыянуюць. Усё паціху падупадае. Людзей у вёсках амаль няма. На ўезьдзе ў населены пункт цябе сустракае разбураны будынак – ці то царква, ці то дом культуры.
На таргі, што мусяць прайсьці 10 верасьня ў Віцебску, выстаўленыя 22 жылыя будынкі сярэднім коштам каля 2 500 рублёў кожны. Акрамя іх, у ліку лотаў значацца розныя гаспадарчыя і адміністрацыйныя пабудовы: нафтабаза за 282 рублі і памяшканьне тэлефоннай станцыі за 139 рублёў у вёсцы Алексінічы, будынак пошты ў Лесьнікове за 62,58 рубля, а таксама тры цялятнікі (381,50; 112,04 і 2050 рублёў), канюшня (97,02 рубля), збожжасховішча (153 рублі), мэхдвор (580 рублёў) і іншыя будынкі.
Што тычыцца жылых будынкаў, то толькі некалькі зь іх пустуюць, у большасьці ж зь іх пражываюць людзі – былыя супрацоўнікі злашчаснага прадпрыемства. Мала таго, што ў выніку банкруцтва прадпрыемства людзі засталіся бяз працы і якіх-небудзь сродкаў да існаваньня, дык ім цяпер былы працадаўца прапануе выкупіць іх жа жытло. Многія гадамі даглядалі свае дамы, укладвалі ў іх сілы і грошы, рабілі бягучы рамонт.
Калі ж былыя супрацоўнікі прадпрыемства ня змогуць выкупіць сваё жытло, то, паводле словаў кіраўніка ААТ «Пурплева» Чумакова Леаніда Аляксеевіча, будынкі атрымаюць статус арэнднага жытла і будуць перададзеныя ў камунальную ўласнасьць раёну, а іх жыхары будуць вымушаныя заключаць дамову арэнды і плаціць арэндную плату.
Але гэта толькі палова бяды. Як паведамілі карэспандэнту ВВ у Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу, які выступае ў якасьці арганізатара таргоў, калі апроч жыхароў у таргах захоча ўдзельнічаць яшчэ хтосьці і прапануе большую цану, то ён і стане ўладальнікам нерухомасьці.
«А што будзе з жыхарамі набытага дому?» – пацікавіўся карэспандэнт.
«Праз суд будзем высяляць, калі спатрэбіцца», – спакойна адказала Тацяна Аляксандраўна, працаўніца цэнтру маркетынгу.
Як будуць разьвівацца падзеі далей – пакуль не зразумела. Ці змогуць захаваць свае дамы колішнія працаўнікі калгасу і на якіх умовах? Можна спадзявацца, што ахвотных «з боку» набыць будынкі ня знойдзецца, і цяперашнія жыхары змогуць пакінуць за сабой права на сваю маёмасьць. Хоць зрабіць гэта будзе ня ўсім пад сілу. Фінансавае становішча на сяле сягоньня жахлівае, і заплаціць 2000-3000 рублёў за дом, 600 рублёў за ўдзел у таргах ды яшчэ некалькі тысяч за афармленьне папераў на зямлю і дом будзе ня ўсім па кішэні. І, пагутарыўшы з жыхарамі вёсак, гэта стала відавочна.
Некаторыя жыхары нават не зусім у курсе, што адбываецца, і не зьбіраюцца падаваць заяўкі на ўдзел у таргах. А тыя, хто сабраліся ўсё ж удзельнічаць, наіўна мяркуюць, што іх будынкі ніхто ня мае права набыць, акрамя іх саміх, і разьлічваюць купіць іх за мінімальны кошт. Усё ж такі недаацэньваюць яны ўсёй складанасьці сытуацыі. І яшчэ вераць у справядлівасьць нашай дзяржавы.
вёска Алексенічы
ФАП, в. Алексенічы
Нафтабаза, в. Алексенічы
Закрытая школа, в. Алексенічы
Пошта ў Лесьнікове
вёска Пурплева
Будынак на ўезьдзе ў Пурплева
Уладзімер Бяляўскі