Серада, 03 Студзень 2018

Гарвыканкам ня хоча зьмяняць транспартныя схемы для Тарнага: і без таго 244 тыс. рублёў стратаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
На аўтобусным прыпынку На аўтобусным прыпынку

Жыхары мікрараёну Тарны зьвярнуліся ў Віцебскі гарвыканкам з просьбай палепшыць транспартныя зносіны з цэнтрам гораду. Прасілі, каб аўтобусы №№ 15, 49 і 37 заяжджалі ў Тарны. Улады адмовілі, спаслаўшыся на вялікія фінансавыя страты і нямэтазгоднасьць.

Ініцыятарам звароту ў Віцебскі гарвыканкам выступіў малады інжынэр і праграміст Артур Сядлуха, які дабіваецца таксама, каб у Тарным пабудавалі стадыён. У калектыўным звароце, які падпісалі каля сотні жыхароў Тарнага, гаворыцца, што брак грамадзкага транспарту ёсьць адной з галоўных праблемаў пасёлку.

Маршрут падоўжыцца ўсяго на 780 мэтраў

У гадзіны “пік” аўтобусы запакаваныя пад самую завязку, а паўзы між рэйсамі складаюць ад 40 хвілінаў да 2 гадзінаў. Між тым, калі дадаць да маршрутаў №№ 15, 49 і 37 (маюць канцавы прыпынак “Мясакамбінат”) заезд у Тарны, то іх працягласьць падоўжыцца ўсяго на 0,78 км (да прыпынку “вул. Зарэчная”) ці на 2,22 км (да прыпынку “СШ №24”), а гэта зусім неістотна.

“Такія зьмены не запатрабуюць павелічэньня маршрутаў, але, магчыма, наадварот, зьменшаць колькасьць аўтобусаў (№№3, 11, 15, 49, 37), што дапаможа скараціць выдаткі і палепшыць якасьць зносінаў у раёне”, – падсумоўвае аўтар звароту.

У лісьце падкрэсьліваецца, што адаптаваныя схемы руху істотна не адаб’юцца на працаўніках мясакамбінату і іншых прадпрыемстваў, якія, каб дабрацца на працу, будуць траціць столькі ж часу, як і раней, і крыху больш – на дарогу дамоў.

Гарвыканкам: 5 вялікіх аўтобусаў – гэта дастаткова

Адказ з Віцебскага гарвыканкаму аўтары калектыўнага звароту атрымалі 29 сьнежня 2017 году. Улады паведамляюць, што электронны зварот быў разгледжаны аддзелам ЖКГ гарвыканкаму сумесна з філіялам “Аўтобусны парк №1 г. Віцебску” ААТ “Віцебскаблаўтатранс”. Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што “будзе мэтазгодным і эканамічна абгрунтаваным не зьмяняць схемы руху аўтобусных маршрутаў №№ 15 і 49 і захаваць дзеючы расклад”.

Паведамляюць, што на дадзены момант Тарны абслугоўваецца маршрутамі №№ 3, 11, 20, на якія “задзейнічаны 5 аўтобусаў вялікай зьмяшчальнасьці”. Сьцьвярджаюць, што інтэрвал руху гэтых аўтобусаў складае ў “пікавыя” гадзіны ня больш за 23 хвіліны, а ў “міжпікавы” час – да 40 хвілінаў.

І называюць лічбу стратаў за 11 месяцаў 2017 году па згаданых маршрутах. Страты склалі ўжо 244 тыс. рублёў.

Рэйс павялічыцца на 10 хвілін. Ці крытычна?

Таксама спасылаюцца на тое, што расклады маршрутаў №№ 15 і 49 складзены з улікам рэжыму працы прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на Бешанковіцкай шашы. Калі пусьціць аўтобусы на Зарэчную (Тарны), то працягласьць кожнага рэйсу павялічыцца на 10 хвілін, а гэта вымусіць зьмяняць расклад і зьмяншаць колькасьць рэйсаў.

У лісьце нагадваюць жыхарам Тарнага, што да канцавога прыпынку “СШ №24” можна дабірацца на маршрутках №№ 3 і 64 (“задзейнічана 6 мікрааўтобусаў”).

“Неаднаразова праведзеныя дасьледаваньні пасажырапатоку паказваюць, што існуючых рэйсаў дастаткова для перавозкі пасажыраў”, – падсумоўваецца ў адказе.

Жыхары мікрараёну Тарны маюць на гэты конт іншае меркаваньне. Пад пэтыцыяй на сэрвісе “Зручны горад” ужо зьявілася прапанова абскардзіць адмову.

Зьміцер Міраш