“Як ні дзіўна, гэта спрацавала…”
Артуру 22 гады. Зараз працуе інжынэрам у адной з будаўнічых кампаній і адначасова займаецца вэб-распрацоўкамі.
– Пасьля вучобы ў БНТУ вярнуўся па разьмеркаваньні ў Віцебск і зрабілася неяк сумна: за пяць гадоў у Тарным стала яшчэ горш. Такое складвалася ўражаньне, што нікому няма справы. І я пачаў з маленькага…
Артур Сядлуха. Фота са старонкі ў ВК
Расказвае, што спачатку пачаў пісаць звароты на пляцоўку 115.бел. І, як ні дзіўна, гэта спрацавала – частка заявак была выканана цягам двух месяцаў. Службы ЖКГ прыбралі некалькі калдобін на дарозе, адрамантавалі “ліўнёўкі”, лаўкі і дзіцячыя пляцоўкі, зрабілі яшчэ штось па дробязі.
Ідэя стадыёна і хакейнай пляцоўкі ў Тарным
– А потым прыйшла ідэя пабудаваць у Тарным спартовую пляцоўку з футбольным полем. Бо няма дзе мясцовым хлапчукам і дарослым гуляць у футбол ці займацца спортам. Ані стадыёна, ані трэнажорнай залі. Так, футбольнае поле ёсьць на тэрыторыі СШ №24, але гэта ня так і блізка ад жылога раёну, бацькі ня кожнага адпусьцяць, да таго ж і дарослым парой хочацца мячык паганяць. А тут, літаральна за маімі вокнамі, пустка, на якой так і напрошваецца пабудаваць стадыён. Тым больш, што дзеці ўлетку на ёй і гуляюць у футбол. Месца вельмі прыдатнае.
Пустка, на якой можна пабудаваць спартовую пляцоўку
Кажа, што зімой пляцоўку можна будзе заліваць вадой і ператвараць у хакейную каробку. Ён упэўнены, што пуставаць яна ня будзе. Затое будучым Карніленкам ці Касьціцыным будзе чым заняцца і дзе сябе праявіць. А пакуль што юныя таленты, якіх зусім нямала ў Тарным, ладзяць спаборніцтвы на пустках ды праезных частках. Што вельмі сумна і небясьпечна.
– Насамрэч, самы нудны час для мясцовых дзетак – гэта зіма. Тут хіба што сьнежных баб можна ляпіць, і ўсё. Таму калі будзе магчымасьць зімой заліваць пабудаваны стадыён і ператвараць яго ў хакейную пляцоўку – будзе выдатна. І дзецям добра, і дарослыя б на каньках коўзалі. Такія пляцоўкі яшчэ за Саюзам будавалі, а цяпер, чамусьці, не, – тлумачыць.
“Значыцца, людзям ня ўсё адно!”
Артур Сядлуха стварыў на пляцоўцы “Зручны горад” пэтыцыю з просьбай да мясцовых уладаў разгледзець пытаньне будаўніцтва спартовай пляцоўкі ў Тарным і заплянаваць у бюджэце на наступны год выдаткі на стварэньне стадыёну.
– Шчыра кажучы, я думаў, што гэта нікому не патрэбна і неабходную колькасьць подпісаў я не зьбяру. Бо людзі дзясяткі гадоў жывуць тут – і, здавалася б, усе ўсім задаволеныя. Але гэта ня так. Акрамя інтэрнэт-пэтыцыі я расклеіў папяровыя абвесткі аб зборы подпісаў на прыпынках і на ўваходах у пад’езды. У выніку за два дні сабраў ужо каля 40 галасоў. Для Тарнага гэта вельмі добра. Значыцца, людзям ня ўсё адно!
“Зробім наш раён лепшым і больш прыдатным да жыцьця!” – заклікае ў сваіх абвестках маладзён. І, здавалася б, празь невялікую, але вельмі патрэбную справу, аб’ядноўвае жыхароў раёну. Тарны лічыцца ў Віцебску бадай што самым некамфортным для жыцьця раёнам.
Добры прыклад
У размове зь “Віцебскай вясной” Артур прызнаецца, што сам ужо не гуляе ў футбол. Але мае малодшага брата, які бавіць час, гуляючы “ў квадрат” на асфальце альбо ў футбол на гарадзкой пустцы.
– Я ў дзяцінстве рабіў тое ж самае, нічога, на жаль, не зьмянілася. І я шчыра хачу, каб у майго брата, як і ў іншых дзяцей раёну, было больш карысных і бясьпечных забаў. Вось і ўсё.
Вось так, напрыклад, можа выглядаць спартовая пляцоўка ў Тарным. Выява праекту з сайту petitions.by.
Для раскруткі ініцыятывы Артур мяркуе падключыць сацыяльныя сеткі і магчымасьці інтэрнэту. Спадзяемся, у маладога інжынэра і праграміста ўсё атрымаецца. Маем добры прыклад.
Зьміцер Міраш, фота аўтара