На пачатку сустрэчы актывістка Алена Янушкоўская перадала Юрыю Дзядзёлу калектыўны зварот вяскоўцаў з просьбай да кіраўніцтва аблвыканкаму выдзеліць грашовыя сродкі, неабходныя для завяршэньня работ па пракладцы водаправодных сетак на вуліцы Партызанскай.
Як распавяла спадарыня Алена, яшчэ ў жніўні кіраўнік Віцебскага раёну Генадзь Сабыніч абяцаў за 30 тысячаў рублёў, выдзеленых на пабудову водаправоду, правесьці ваду па ўсёй вуліцы. Аднак на сёньняшні дзень пракладзена толькі 300 мэтраў сетак. Сродкаў на заяўленую адлегласьць у 1300 мэтраў не хапіла, і райвыканкам зьвярнуўся ў аблвыканкам з просьбай выдзеліць яшчэ 30 тысячаў рублёў, каб завяршыць будаўніцтва.
Так, 300 мэтраў водаправоду гатовыя, але наперадзе яшчэ цэлы кілямэтар, і на канец году жыхары вуліцы зноў застаюцца без вады. Забясьпечваць свае патрэбы давядзецца як і раней - з двух прыватных калодзежаў, шлях да якіх для большасьці няблізкі.
Прадстаўнік Віцебскага раёну Аляксей Героеў патлумачыў, што на выдзеленую суму меркавалася пракласьці 600 мэтраў водаправодных сетак, аднак скарачэньне адбылося празь неабходнасьць узнаўленьня дарожнага пакрыцьця. Дарога стала непрыдатнай для праезду.
Спадарыня Алена паспрабавала пераканаць прадстаўнікоў улады, што капаць траншэю вялікім экскаватарам і вымаць кубамэтры глебы пасярод дарогі, у выніку чаго людзі на нейкі час засталіся без праезду, не было патрэбы. Куды мэтазгодней было выкарыстаць малагабарытную тэхніку. Гэта дазволіла б захаваць дарожнае палатно і зэканоміць грашовыя сродкі, але больш затратны варыянт будаўніцтва быў закладзены ў праект.
Пры канцы размовы Юры Дзядзёла заявіў, што населены пункт не абдзелены ўвагай уладаў. Нават пры мізэрным фінансаваньні работы па водазабесьпячэньні вёскі працягваюцца ня першы год, але на цяперашні момант сродкаў для завяршэньня будаўніцтва няма. Зараз ідзе фармаваньне бюджэту на наступны год. Пасьля таго, як у канцы студзеня зацьвердзяць бюджэт, можна будзе гаварыць пра канкрэтную суму. Колькі сродкаў выдзелена, пакуль невядома. Але грошы будуць.
На сустрэчы быў падняты і шэраг іншых сацыяльна-прававых пытаньняў, актуальных для вёскі Суйкава і яе жыхароў. «Рукі мы апускаць не зьбіраемся і даб’ёмся свайго», – заявіла нашаму карэспандэнту па завяршэньні сустрэчы з чыноўнікамі Алена Янушкоўская.
С. Горкі