Прыбіральня чыстая, вакол прыбрана
На калектыўны зварот грамадзян адказаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Аляксандар Ільмовіч. Чыноўнік паведаміў, што зварот грамадзян быў разгледжаны сумесна са спэцыялістамі прадпрыемства “Віцебская ЖКГ” “з выхадам на месца”.
У паперы сьцьвярджаецца, што тратуар у парку Чыгуначнікаў “знаходзіцца ў задавальняючым эксплюатацыйным стане” – “крытычная ямачнасьць адсутнічае”.
Чыноўнікі выявілі таксама падчас выправы, што “прыбіральня ачышчаная”, а тэрыторыя вакол вадаёму прыбраная.
Сцэны адрамантуюць, лаўку перанясуць
“Дзяржаўнаму прадпрыемству “Зелянгас” даручана дэмантаваць старыя лаўкі, усталяваныя на падпорнай сьценцы паблізу вадаёму і перанесьці іх на бясьпечную адлегласьць, а таксама выканаць рамонт канцэртных сцэнаў”, – гаворыцца ў адказе з адміністрацыі.
Што да ўсталяваньня ў парку дадатковых дзіцячых атракцыёнаў ды спартовых прыладаў, чыноўнікі паведамляюць, што гэтыя мерапрыемствы “не прадугледжаныя плянам на 2017 год”. Наконт надыходзячага 2018-га нічога не ўдакладняюць.
Заўважаюць таксама, што на тэрыторыі парку пляж адсутнічае (грамадзяне прасілі “акультурыць пляж, завесьці новага пяску, бо стары пазарастаў травой”), бо паводле рашэньня адміністрацыі 2014 году купацца ў парку забаронена.
Папярэдзіць “сабачнікаў”
Нагадаем таксама, што жыхары з навакольля вельмі наракалі на ўладальнікаў сабак, якіх выводзяць на прагулянку ў парк без наморднікаў, а потым не прыбіраюць за сваімі гадаванцамі. Пэнсіянэры ў размове зь “Віцебскай вясной” наогул называлі гэтую праблему самай балючай.
Добра, каб супрацоўнікі ЖКГ нагадалі б нейкім чынам несумленным “сабачнікам” пра адказнасьць (можна было б усталяваць папераджальныя шыльдачкі).
Зьміцер Міраш, фота аўтара