Дарога пакрысе ператвараецца ў паласу перашкодаў
У 2012 годзе зь мясцовай газэты жыхары даведаліся, што вуліца Камарова трапіла ў трэцюю чаргу на асфальтаваньне, разам з вуліцаю Міхайлаўскаю, Каралёва, Суворава ды іншымі. Тэрмінаў не прызначылі. У 2013-м з райвыканкаму адказалі, што грошай на асфальтаваньне вуліцы Камарова на той год не прадугледзелі. Не знайшліся сродкі і ў наступныя гады. А з 2015-га жыхароў стала цікавіць, на што ідзе дарожны падатак, які бяруць з уладальнікаў транспартных сродкаў.
«Дык я ж плачу! А дзе мае грошы дзяюцца? Дык не адзін жа ж я плачу, увесь раён плаціць. А дзе гэтыя грошы дзяюцца, куды яны сыходзяць? На якія мэты?», – абураецца жыхар Глыбокага Мікалай Вагера.
Старшыня райвыканкаму адмовіўся размаўляць з журналістамі
Відавочна, што пакуль сродкі ад дарожнага падатку не былі скіраваныя на асфальтаваньне вуліцы Камарова і суседніх. Згодна ж з сацыяльным стандартам ў галіне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, колькасьць вуліц з удасканаленым пакрыцьцём мусіць быць ня менш за 60%.
«Сацыяльны стандарт па асфальтаваным пакрыцьці па горадзе Глыбокае выконваецца», – цьвердзіць Галіна Ўнуковіч з Глыбоцкага раённага савету дэпутатаў.
А гэта значыць, што бязь зьмены закону і стандартаў добраўпарадкаваньня гарадоў жыхары вуліцы Камарова могуць бясконца чакаць, пакуль на іхнай вуліцы зьявіцца асфальтавае пакрыцьцё.
Тацяна Белашова, belsat.eu