“Няўжо камусь трэба, каб здарылася бяда?..”
“Здавалася б, нейкіх 25 мэтраў, але, ведаеце, колькі тут дзяцей за дзень праходзіць? За прыпынкам жа 14-я школа, а з другога боку – дзіцячы садок. Маршруткі тут гойсаюць, аўтобусы. Няўжо трэба, каб бяда здарылася, каб тут нарэшце які рамонт зрабілі?” – абураецца мясцовы пэнсіянэр Пётар.
Дарожка гэтая прылягае да даўгабуду. Яшчэ ў 2011 годзе прыватная фірма пачала будаваць тут краму. Меркавалася – прадуктовую, з кавярняй і кулінарыяй. Але ў той жа год частка будаванай канструкцыі абвалілася, балазе што ніхто не пацярпеў. Будоўля спынілася, стаіць і дагэтуль.
Недабудаваная крама на Сацыялістычнай
Ходнік упінаецца ў слуп
Дарэчы, будынак узводзілі на месцы невялікага стаўка (“Балота тут было”, - кажуць мясцовыя). Так што ў мокрае надвор’е хадзіць па тым ходніку зусім ужо няёмка і небясьпечна – бо даводзіцца сыходзіць проста ў калюжыны.
Гардармост: Выканаем “пры наяўнасьці матэрыялаў” і “ў сваю чаргу”
На пачатку лістапада адзін з жыхароў мікрараёну Віталь Цітоў падаў некалькі заявак с просьбай аб вырашэньні праблемы на рэсурс 115.бел.
“Вузкая тратуарная дарожка на шляху праходжаньня школьнікаў СШ №14 і выхаванцаў ДС №3, асфальтавае пакрыцьцё ў жахлівым стане, пасярэдзіне тратуару – слуп, немагчыма праехаць зь дзіцячым вазком”, - адзначыў у заяўцы. Таксама зьвярнуў увагу на вельмі кепскі стан дарожнага пакрыцьця каля дзіцячага садку – зь вялізнымі ямінамі (“дыямэтрам ад 50 см да 1 м”).
Да дзетсаду - не пад'ехаць
Маці зь дзіцячым вазком зь цяжкасьцю праціскаецца паміж слупом і праезнай часткай
Заяўкі знаходзяцца зараз у статусе “На кантролі”. Афіцыйны (і, відаць, аўтаматычны) адказ ад віцебскага прадпрыемства “Гардармост” гучыць так: “Працы могуць быць выкананыя пры ўзгадненьні з УКПП ВГЖКГ (Заказчык) і пры наяўнасьці матэрыялаў, у сваю чаргу”.
Пытаньні – пад кантролем, а руху – нуль
Віталь кажа, што насамрэч пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца мясцовыя жыхары, добра ведае кіраўнік Першамайскага раёну Віцебску Мікалай Арлоў, зь якім у заяўніка ўжо была размова. “Але прайшоў ужо месяц пасьля той размовы, а рухаў – нуль”, – кажа Віталь.
“Сытуацыя каля дзіцячага садку №3 наогул сумная. Слабае асьвятленьне, адсутнасьць тратуараў, зранку і ўвечары – увогуле калапс настае. Адны бацькі паркуюць машыны, другія – з вазкамі аб’яжджаюць іх па праезнай частцы, дзеці сьпяшаюцца ў школу, дарослыя – на прыпынак. Агляд на скрыжаваньні абмежаваны плотам будоўлі…” – распавядае Віталь Цітоў.
Вуліца Горкага і паркоўка каля дзіцячага садку №3
“Для дзяцей у нашым раёне ўсё ў заняпадзе! Стадыёна нармальнага няма. З дзіцячым вазком па пешаходным пераходзе не прайсьці, бо асфальт, які паклалі пасярод зімы некалькі гадоў таму да прыезду прэзыдэнта на ДАК, уздыбіўся і стаў непераадольным. Па вуліцы 1-й Бядулі кантэйнэры для сьмецьця практычна на тратуарах стаяць…” – пералічвае наш суразмоўца.
Што кажуць у ЖЭУ
“Гэта дарожка, якая па Горкага? Званіце ў “Гардармост”, гэта іх аб’ект, мы тую дарожку не абслугоўваем”, - паведаміў начальнік ЖЭУ №16 Дзяніс Парчынскі.
На жаль, у “Гардармост” дазваніцца да патрэбнай службовай асобы сходу не атрымалася. Спадзяемся, што праблема там сапраўды “на кантролі”.
Зьміцер Міраш, фота аўтара