Камунальныя рахункі і радок «абыходжаньне зь цьвёрдымі бытавымі адкідамі» – гэта галоўная тэма для абмеркаваньня. Людзі параўноўваюць сумы (набегла ад пяці да 11 рублёў) і спрабуюць знайсьці лёгіку ў налічэньні. Сьмецьце, паводле іх словаў, у вёсцы даўно ніхто не зьбірае.
Два гады таму такая практыка тут была. Раз на тры месяцы сьмецьце забіралі проста з парогу. Паслуга была папулярная, але з агаворкай: занадта вялікія зьбіраліся аб'ёмы. Гэтую праблему тут даўно вырашылі прасьцей. Каб ня складаваць сьмецьце ў дварох, тое, што можна, спальваюць, рэшткі звозяць на суседні палігон, які знаходзіцца ўсяго ў паўкілямэтра.
У Падсьвільскім сельсавеце запэўніваюць: усе графікі распрацаваныя і зацьверджаныя. Паводле папераў, раз на месяц (кожны трэці аўторак) машына камунальных службаў абавязкова прыяжджае ў вёску.
З гэтага году сьмецьцявозы рэгулярна заяжджаюць у 100 вёсак Глыбоцкага раёну – паслуга па вывазе сьмецьця нават з самых маленькіх вёсак стала абавязковай. Прынамсі, афіцыйна.
Сьмецьце не выкідваюць у яры, азёры, на дарогу. У Сьвіла нават вырашылі паставіць 12 новых пляцовак для паасобнага збору. Асобна – шкло, плястык, паперу. Гэтыя адкіды павінны будуць адвозіць амаль за 100 кілямэтраў на перапрацоўчыя заводы. Іх усяго два ў рэгіёне – у Воршы і Наваполацку. Колькі гэта будзе каштаваць, паводле словаў жыхароў вёскі, баяцца і падумаць.
Алег Варша, намесьнік старшыні Глыбоцкага райвыканкаму: «Скаргі адзінкавыя. Мы праверым, прыходзілі транспартныя сродкі або не прыходзілі транспартныя сродкі».
Сьмецьцявоз паводле графіку павінен зьявіцца ў Сьвіла праз два тыдні. Адказы раённыя ўлады абяцаюць знайсьці значна хутчэй. Людзі чакаюць пераразьліку, знаходзячыся ў вымушаным статусе даўжнікоў.
Алег Шапель, ont.by