Аўторак, 07 Лістапад 2017

Басанож у мароз і ежа са сьметніку. Сірата зь Віцебску 5 гадоў жыў у логавішчы ў лесе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Логавішча Віталіка падобнае да вялікай двухспальнай ляжанкі. 31-гадовы гаспадар – постаць калярытная. Прыязны, таварыскі чалавек, але ягоны век можна пазнаць толькі па вачох, бо ўвесь твар хаваецца за пышнай шавялюрай і доўгай барадой. Вочы жывыя і наіўныя. Віталік сьцьвярджае, што жыве ў лесе на ўскрайку гораду ўжо каля 5 гадоў.

Дзікí помеж

Віталіка няцяжка ашукаць – ён верыць усяму і ўсім. Таму, як кажа ўчастковы інспэктар міліцыі Вячаслаў Ермаковіч, і крыўдзяць хлопца ўсе каму не лянота. Абараніць сябе ён ня можа. Вось і палічыў за лепшае ўцячы ў лес. Хоць у дзесяціпавярховым доме мае ўласную добраўпарадкаваную кватэру, якую яму дала дзяржава як сіраце. Чаму не жыве там? Віталік кажа хутка, актыўна жэстыкулюючы рукамі:

– Суседзі злыя, на мяне лаюцца. І падлеткі крыўдзяць. Лезуць у кватэру і ўдзень, і ўначы, ратунку няма. І выгнаць іх не магу. Біцца нядобра.

Участковы кажа, што хуліганаў, якія турбавалі бяскрыўднага жыхара і спрабавалі абкрасьці, ужо няма. Два гады кватэра значылася на ўліку як прытон: карыстаючыся бездапаможнасьцю гаспадара, сюды часьцяком зазіралі аматары выпіць і наркаманы. Усе яны ўжо адбываюць тэрміны.

Віталіка ведае ўся акруга. Яго часта бачаць каля сьметнікаў, хтосьці дапамагае прадуктамі і адзеньнем, хтосьці ганяе.

Гісторыя добраахвотнага пустэльніка стала шырока вядомай пасьля таго, як нехта з валянтэраў набрыў на логавішча ў зарасьніках. На дварэ ўжо падмарожвала, а Віталік басанож наводзіў парадак у сваім палявым лягеры, які разьбіў за паўкілямэтра ад гарадзкога ўскрайку. Старая аснова ад канапы-ложку, падабраныя на сьметніку матрацы і коўдры. Гэты прыстанак валацуга называе домам.

Расповеды Віталіка зьнялі на камэру і выклалі ў інтэрнэт. Хлопец там выглядае сапраўдным экстрэмалам, расказвае пра карысьць гартаваньня паводле сыстэмы Іванова. Пра тое, як яго падчас сну напужалі дзікі. І філязоўствуе на тэму «добрыя і злыя людзі».

Спасылаючыся на прыклады, хлопец робіць выснову: чамусьці злых людзей нашмат больш, ніж добрых. Таму ў яго, маўляў, і няма сяброў. І ў школе не было. Бацькі даўно памерлі, выхоўваўся ў інтэрнаце ў Браслаўскім раёне. Потым скончыў вучэльню, атрымаў прафэсію цесьляра. Працаваў у «Віцебскэнэрга», але празь некалькі гадоў зь ім не працягнулі кантракт. Спрабаваў уладкавацца яшчэ куды-небудзь, але ненадоўга. Вось ужо каторы год Віталік жыве бяз працы.


Маленькая частка запасаў на чорны дзень, якія не пасьпелі «выбухнуць»

Кілька на чорны дзень

Ідзём да Віталіка дадому. Кватэра недагледжаная, шпалеры паабрываныя. Загароджваючы дзьверы ў ванную, стаіць яшчэ адно дзьвярное палатно: Віталік прыцягнуў яго з вуліцы на ўсялякі выпадак. А тое, што яно перакрывае ўваход у санвузел, – не бяда. Зазірае туды гаспадар рэдка. Кажа, што ваннай амаль не карыстаецца – «там жа лічыльнікі». Мыецца ў рацэ ці крыніцы. А каб праць, зьбірае ваду ў лужынах: «дажджавая вада як сьляза немаўляці».

З аплатай камунальных ў Віталя ўсё ў парадку: ён траціў на гэта свае «сірочыя», выдадзеныя пасьля інтэрната, а таксама заробкі (працуючы ў энэргетыкаў, прадбачліва адкрыў дэпазіт). Да таго ж хлопец прызвычаіўся эканоміць.

Да ўсяго, што тычыцца здароўя, Віталік ставіцца ашчадна. Напрыклад, падораныя добрымі людзьмі кеды валяюцца каля ляжанкі ў хмызьняку. Дадому іх ня аднёс, бо гума, маўляў, шкодная для арганізму. А яшчэ шкодныя плястыкавыя бутэлькі з газаванымі напоямі, тэлевізар, тэлефон і іншыя рэчы – таму іх у яго і няма.

На кухонным стале вежамі выбудаваныя рыбныя кансэрвы – кілька ў таматным соўсе. Тут жа шматлікія бляшанкі зь зялёным гарошкам. Усё гэта Віталік браў пры аказіі на акцыях па зьніжаных коштах. На чорны дзень. Скончаны тэрмін прыдатнасьці прадуктаў запасьлівага гаспадара не бянтэжыць: на яго думку, чым даўжэй ляжыць – тым смачней. Пакуль хлопец жыў у лесе, кватэра прыходзіла ў непрыдатнасьць.


Пакуль гаспадар жыў у лесе, кватэра прыходзіла ў непрыдатнасьць.

У цяпле і доглядзе

Наіўнага хлопца, вельмі падобнага да безабароннага дзіцяці, вельмі шкада. Цікава: чаму дагэтуль ягоным лёсам ніхто не заняўся сур'ёзна?

Выпускнік сірочай ўстановы відавочна няздольны жыць сам. Усе свае дзівацтвы тлумачыць сыстэмай Іванова. Адкуль пра яе ведае? Пакуль бамжаваў і хадзіў па марозе басанож, хтосьці пажартаваў зь яго, згадаўшы пра гэты мэтад гартаваньня.

Апошні раз у паліклініцы хлопец быў, калі працаваў. Выходзіць, гадоў 5-6 таму. Так, прыгадвае, яшчэ неяк ляжаў у шпіталі – атруціўся тортам, які дастаў са сьмецьцевага кантэйнэра.

Прапануем Віталіку прайсьці ў апорны пункт, каб вырашыць яго далейшы лёс. Па дарозе ён не абмінае ніводнага сьмецьцевага кантэйнэра, аўтаматычна зазірае ў кожны.

– Людзі добрыя паабяцалі, што дапамогуць з аплатай кватэры. Мабыць, мне ў шпіталь і ня трэба? – пытаецца задуменна.

Але, пачуўшы пра тое, што яго там задарма памыюць, пакормяць, а мо і пастрыгуць, зараз жа згаджаецца. Хоць з шавялюрай яно, вядома, цяплей. Рэшткі сумневаў і зусім зьнікаюць пад націскам самага галоўнага аргумэнту: пасьля абсьледаваньня ў шпіталі, магчыма, яму прызначаць групу інваліднасьці і пэнсію. Віталік цешыцца як дзіця.

На распараджэньне начальніка ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Юрыя Дзеркача маладога чалавека праз гадзіну шпіталізавалі. А ўвечары даведалася ад мэдыкаў, што адчувае сябе пацыент добра, вымыты і накормлены, з задавальненьнем глядзіць «шкодны» тэлевізар і гутарыць з пацыентамі. І яны зусім ня злыя.

Да вырашэньня лёсу маладога чалавека газэта таксама падключыла сацыяльныя службы. Зьбіраемся прасачыць за тым, каб больш ён ня жыў на вуліцы і ня поркаўся ў сьмецьцевых кантэйнэрах. А яшчэ нам трэба будзе знайсьці родную сястру Віталя, зь якой яго разлучылі ў дзяцінстве.

Відэа пра тое, як Віталь вярнуўся жыць у кватэру і па-новаму пачаў уладкоўваць яе, – глядзіце па спасылцы.

news.tut.by
Алена Бегунова, sb.by, фота аўтара.